Родныя Юліі Кубаравай: Мы патрабуем паказальнага працэсу над медыкамі

Суд па нашумелай справе сталічнага медыцынскага цэнтра “Экамедсэрвіс” пачынаецца 9 студзеня. У якасці пазоўніка выступае бацька загінулай — Юрый Кубараў. Ён адразу пагаджаецца гаварыць з журналістамі і ашаломлівае, кажучы, што не ўсе вінаватыя ў смерці дачкі сёння на лаве падсудных.

“Мы хочам, каб усе вінаватыя былі названыя. Тэрміны зняволення, ступень іх віны — хай называе суд. Але пакуль мяне не задавальняе тое, што не ўсе тыя, хто мае дачыненне да смерці Юлі, названыя і не ўсе знаходзяцца на лаве падсудных. Я лічу, што ўся брыгада, якая праводзіла аперацыю, павінна там быць”.

Трагедыя здараецца яшчэ вясной мінулага года. У канцы сакавіка Юлія Кубарава рашаецца на дробную пластычную аперацыю. Дзяўчына збіралася выходзіць замуж у жніўні і хацела ўсяго толькі падправіць невялікі шнар на носе, які застаўся з дзяцінства. Чарга ў дзяржаўнай клініцы на год наперад, бацькі пагаджаюцца заплаціць за прыватную клініку. Вынік трагічны і вядомы ўсёй краіне — пасля аперацыі Юлія ўваходзіць у кому і праз чатыры тыдні памірае.

Першае ж патрабаванне пацярпелага боку падчас пасяджэння — аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды. Юрый Кубараў гаворыць, што на самой справе грошы ім не патрэбныя. Кампенсаваць шкоду ў памеры 10 мільярдаў рублёў сям’я памерлай патрабуе, каб пакараць вінаватых.

“Кампенсацыя маральнай шкоды нам, на шчасце, не патрэбная. Мы забяспечаныя людзі. Гэту суму мы назвалі, каб пакараць вінаватых”.

На пасяджэнні 9 студзеня прысутнічаюць тры абвінавачаныя: ужо былыя прадстаўнікі адміністрацыі “Экамедсэрвіса” Вадзім Ліхута і Галіна Валжанкіна, а таксама былы ўрач-анестэзіёлаг Аляксандр Шураў. Размаўляць з журналістамі яны адмаўляюцца — толькі раяцца з адвакатамі і хутка сыходзяць, пачуўшы пра завяршэнне пасяджэння. Працэс працягнецца 10 студзеня — суддзя Ала Абакунчык зрабіла перапынак, каб даць магчымасць маці памерлай Але Кубаравай пазнаёміцца з матэрыяламі справы — у першы дзень суда ёй надалі статус пазоўніка.

Калі і чым завершыцца гэтая рэзанансная справа — пакуль сказаць цяжка. Абвінавачаныя праходзяць па розных артыкулах, ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Бацька Юліі Кубаравай тым часам настойвае: колькасць людзей на лаве падсудных павінна быць павялічаная — у першую чаргу за кошт хірурга Віктара Серабро і медсястры Бандарэнка — яна дапамагала падчас аперацыі. Цяпер яны праходзяць па справе ў якасці сведак, але родныя загінулай перакананыя ў вінаватасці і гэтых людзей. Юрый Кубараў гаворыць, што працэс па справе смерці яго дачкі павінен стаць паказальным.

“Гэта павінен быць паказальны суд. Каб такія лекары звольніліся альбо самі, альбо іх звольніла кіраўніцтва. Калі будуць названыя ўсе вінаватыя, то так і здарыцца. І тады мы можам уратаваць іншых дзяўчат”.

Працяг суда адбудзецца ўжо ў пятніцу, 10 студзеня, на наступным тыдні чакаецца допыт сведак па справе. Іх агулам налічваецца каля 60 чалавек, таму справа можа зацягнуцца. Адвакаты лічаць верагоднай датай вынясення прысуду канец студзеня альбо пачатак лютага.

На фота onliner.by абвінавачаныя Валжанкіна (крайняя справа), Ліхута і Шураў (крайні злева).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі