Роўна год таму ў Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё

Роўна год таму, 29 траўня 2020 года, у Гродне затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты яго жонкі Святланы на яго пачалі вешацца дзве жанчыны-правакатаршы. З нагоды таго, што ён не хоча адказваць на іх пытанні (хоць, здавалася б, што гэта за нагода?), яны паклікалі да яго міліцыянтаў.

Міліцыянты пачалі хапаць Ціханоўскі за рукі, і за яго тут жа ўступіліся яго прыхільнікі. Адзін з сілавікоў упаў і застаўся ляжаць на зямлі. Ціханоўскі і яго каманда паспрабавалі сысці з месца здарэння, і праз некалькі хвілін былі затрыманыя АМАПам.

У той самы дзень Аляксандр Лукашэнка на МТЗ абазваў блогера "шалудзівым" і намякнуў, што ў яго не беларускае грамадзянства.

На наступны дзень следчыя пачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Па версіі МУС, 29 траўня ў Гродне збілі супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці.

Увесь апошні год Сяргей Ціханоўскі правёў за кратамі. Яму прад'яўленыя абвінавачванні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.

10 кастрычніка ў СІЗА прайшла сустрэча 12 палітвязняў з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод іх быў і Сяргей Ціханоўскі, хоць улады гэта некалькі месяцаў не афішавалі.

Па словах Ціханоўскага, на яго перакананні год, праведзены ў СІЗА, ніяк не паўплываў. Ён кажа, што будзе сядзець "столькі, колькі гэта дазволіць народ, таму што ўлада належыць народу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі