Рух "За свабоду" прапаноўвае Караткевіч праверыць пададзеныя за яе подпісы
Каб захаваць узаемны давер і празрыстасці дзеля далейшай працы на карысць мірных дэмакратычных зменаў у Беларусі.
Рух "За свабоду" выступіў з адкрытым зваротам да прэтэндэнткі на прэзідэнцкую пасаду Таццяны Караткевіч. Нагодай стала тое, што толькі група Караткевіч — адзіная з усіх апазіцыйных прэтэндэнтаў — сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты
Апазіцыйная структура спаслалася на тое, ў грамадскай прасторы гучаць сумневы ў тым, што ініцыятыўная група Караткевіч напраўду сабрала неабходную колькасць подпісаў. "З выбарчай кампаніі 2010 года ў грамадскай думцы трывае перакананне, што шмат хто з дэмакратычных кандыдатаў быў зарэгістраваны тады паводле жадання і сцэнару ўладаў, не здолеўшы сабраць 100 тысяч подпісаў. Гэта адназначна не дадало дэмакратычным сілам аўтарытэту і прызнання ў грамадстве", — гаворыцца ў звароце. Аўтары звароту таксама спасылаюцца на тое, што ініцыятыўныя групы Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна не здолелі сабраць 100 тысяч подпісаў.
У сувязі з гэтым рух "За свабоду" прапаноўвае сябе як незаангажаваную структуру для праверкі сапраўднасці подпісаў. На думку аўтараў звароту, гэта дапаможа захаваць "узаемны давер і празрыстасць дзеля далейшай працы ў межах нашага партнёрства на карысць мірных дэмакратычных зменаў у Беларусі".
Фота: svaboda.org