Сацыёлаг: Грамадства стамілася ад усёй сістэмы ўлады

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў апублікаваў вынікі чэрвеньскага апытання, паводле якога рэйтынг склаў 29,7%.

Еўрарадыё: Чаму зніжаецца рэйтынг Лукашэнка?

Аляксандар Сасноў: Ён зніжаецца таму, што нейкая няўпэўненасць ёсць у насельніцтва – што будзе з эканомікай далей. Невыкананае абяцання наконт 500$ заработнай платы, кошты растуць, тарыфы на “камуналку” паднялі… Калі рэйтынг “абваліўся” ў самы крызіс – гэта было зразумела, то цяпер, хоць сітуацыя трохі выправілася, але ўпэўненасці ў насельніцтва, што яна такой застанецца, няма. Таму рэйтынг пайшоў уніз. Ёсць яшчэ і іншыя складнікі: заробкі ў нас нізкія ў параўнанні з суседзямі і масава з’язджаюць людзі асноўных прафесій; сілавікі робяць усё без усялякіх спасылак на закон – гэта таксама шмат каго дапякло.

Еўрарадыё: А як жа прапаганда? Ці яна ўжо не дзейнічае?

Аляксандар Сасноў: Калі ў страўніку пачынае бурчэць – дык і прапаганда не дапамагае.

Еўрарадыё: Можа, народ стаміўся ад кіравання аднаго чалавека?

Аляксандар Сасноў: Гэта таксама ўплывае, але я не казаў бы, што толькі аднаго чалавека: сама сістэма – гэта многа людзей, ад якіх стаміліся людзі. Колькі можна ўсё цягнуць у адзін бок, калі не атрымліваецца добра?! Усе ж бачаць, што не атрымліваецца!

Еўрарадыё: Большасць апытаных прызнаюць, што Лукашэнка абапіраецца на сілавікоў…

Аляксандар Сасноў: Так, так. Ён кажа, што ён ад народа ды абапіраецца на народ, але на самай справе ён абапіраецца на штыкі. Нехта сказаў, што абаперціся на штыкі можна, а ўсядзець на іх – нельга. Вось цяпер той самы момант – ён вызначаецца, як можна ўсядзець на штыках.

Еўрарадыё: А ці адлюструецца гэта неяк на наступных выбарах?

Аляксандар Сасноў: У нас у краіне выбараў няма. Той цырк, што робіць Ярмошына з памагатымі – паводле яго мы нічога не можам ведаць. Ці мяняецца нешта, можна даведацца толькі з незалежных сацыялагічных апытанняў. А казаць па дадзеных, якія друкуюць дзяржаўныя сацыёлагі – немагчыма. Гэтыя дадзеныя не адпавядаюць рэчаіснасці.

Еўрарадыё: Але ж да якой ступені можна перарабіць рэчаіснасць? Калі б ніхто не галасаваў – наўрад ці яны змаглі б перарабіць вынікі.

Аляксандар Сасноў: Яны б змаглі. Ім абы выканаць загад – і няма пытанняў. У іх ёсць “мусіенкі” якія скажуць, што такія лічбы і атрымаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі