Садоўскі: Лукашэнка абражае ўсіх — і Мядзведзева, і Барозу
Скандальныя абразы Лукашэнкі хутчэй за ўсё застануцца без міжнароднай рэакцыі.
Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі.
Еўрарадыё: Лукашэнка назваў Барозу "казлом". Якія дыпламатычныя наступствы гэта мае для Беларусі?
Садоўскі: “Відавочных прамых наступстваў гэта не можа мець нейкіх, бо гэта не першы раз ужо. Ён жа абзывае ўсіх!.. Трэба гэтага чалавека спыняць і спыняць на міжнародным узроўні”.
Еўрарадыё: Еўрапейскія палітыкі неяк адрэагуюць на гэта?
Садоўскі: “Яны ж не будуць у суд падаваць — гэта вельмі смешна. Ну, абазваў ён Гідо Вестэрвеле, што той “галубятня” і яшчэ называў іншых усякімі алюзіямі, намёкамі. Проста, людзі гэтыя, яны палічаць гэта ніжэй за сваю годнасць, каб неяк разбірацца, рэагаваць”.
Еўрарадыё: Не прыгадваецца, каб Лукашэнка абразіў калі-небудзь расійскага прэзідэнта — ён баіцца Расіі?
Садоўскі: “Яго панесла было, калі сварыўся з рускім кіраўніцтвам. Ён Мядзведзева абазваў “інтэрнэт-залежны хлопчык”. Гэта ж таксама не камплімент, праўда? Гэта было, але ж ён мяняецца як флюгер — сёння ён так, заўтра — гэтак”.