Саліст Brutto Гуркоў перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай
Усе лідары нацыянальнай зборнай пацвердзілі свой клас і паедуць улетку на чэмпіянат свету ў Тайланд.
Віталь Гуркоў перамог на чэмпіянаце краіны па муай-тай, які завяршыўся ў Мінску 29 сакавіка. На фінальны бой супраць яго сапернік не выйшаў з-за траўмы.
На чэмпіянат з’ехаліся амаль усе лідары нацыянальнай каманды — шматразовыя чэмпіёны Еўропы і свету. Гэта Дзмітрый Варац (67 кг), Андрэй Кулебін (71 кг), Дзяніс Ганчаронак (91 кг). Не выйшаў на рынг толькі Дзмітрый Валент (81 кг), які перад самым чэмпіянатам вярнуўся з сусветнай Універсіяды.
У вагавой катэгорыі да 91 кілаграма ў фінале павінны былі сустрэцца два браты — Дзяніс Ганчаронак і Пятро Раманкевіч. Малодшы не стаў біцца са старэйшым. Чэмпіёнам краіны ў гэтай вагавой катэгорыі стаў Заслужаны майстар спорту Ганчаронак.
Два браты: Пятро Раманкевіч і Дзяніс Ганчаронак
У жніўні ў Тайландзе адбудзецца чэмпіянат свету, дзе, як паказвае практыка, асноўнымі сапернікамі беларусаў традыцыйна будуць украінцы, расіяне і тайцы.