Самая высокая нараджальнасць — у Брэсцкай вобласці, смяротнасць — у Мінскай
Хоць колькасць памерлых у Беларусі па-ранейшаму больш за народжаных, насельніцтва краіны расце другі год запар. Летась нас стала больш на 13 тысяч.
Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2015 года паводле папярэдніх дадзеных склала 9 мільёнаў 480 тысяч чалавек. У параўнанні з пачаткам 2014 года нас стала больш на 12,8 тысяч. Як распавяла Еўрарадыё прэс-сакратар Белстата Вольга Клаўсуць, гадавая колькасць насельніцтва краіны павялічваецца ўжо другі год запар.
Колькасць насельніцтва павялічылася ў Брэсцкай вобласці (на 500 чалавек), Мінскай вобласці (5,2 тысячы) і Мінску (на 16,6 тысяч). У астатніх рэгіёнах колькасць паменшылася. Самае высокае зніжэнне назіралася ў Віцебскай вобласці (на 3,7 тысячы чалавек).
Нараджальнасць
У 2014 годзе на 700 чалавек павялічылася колькасць народжаных (да 118 697 чалавек). У адносных значэннях каэфіцыент нараджальнасці так і застаўся на ўзроўні 12,5 нованароджаных на 1 тысячу чалавек.
Па рэгіёнах самая высокая нараджальнасць у мінулым годзе была ў Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях (13,4‰, 13,3‰, 12,8‰ адпаведна). Самая нізкая нараджальнасць была ў Віцебскай вобласці — 11,1‰.
Прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Вольга Клаўсуць распавядае, што ўзровень нараджальнасці застаўся ў краіне на такім жа ўзроўні, як і ў 2013 годзе.
“Але павялічылася доля паўторных нараджэнняў. Гэта значыць, што маці пачалі больш нараджаць другіх і трэціх дзяцей”.
Сярод нашых суседзяў па нараджальнасці ў 2014 годзе нас апярэджвала толькі Расія (13,3 чалавека на 1 тысячу насельніцтва). Гэты ж паказчык ва Украіне складае 10,9, Латвіі — 9,9, Польшчы — 9,8, Літве — 9,36.
Сусветнымі лідарамі па ўзроўні нараджальнасці з’яўляюцца Нігер (46,8 чалавек на 1 тысячу) і Малі (46,0). Самы нізкі ўзровень — у Ганконгу (7,5) і Манака (6,7).
Смяротнасць
За мінулы год у Беларусі памерла менш жыхароў (121 601 чалавек), чым у 2013 годзе (125 326 чалавек). Смяротнасць склала 12,8 чалавек на 1 тысячу насельніцтва. Такім чынам, колькасць памерлых у мінулым годзе перавысіла колькасць тых, хто нарадзіўся, на 2,4%, або на 2 904 чалавекі (у 2013 годзе перавышэнне было 6,2%).
Самы нізкі ўзровень смяротнасці назіраўся ў Мінску (9,1 чалавека на 1 тысячу) і Брэсцкай вобласці (12,6). Самы высокі — у Віцебскай і Мінскай абласцях (14,7 і 14,3 адпаведна).
Такім чынам, па паказчыках нараджальнасці і смяротнасці Беларусь наблізілася да ўзроўню 1992—1993 гадоў, калі яны трымаліся на ўзроўні каля 1%.
Вольга Клаўсуць адзначае, што зніжэнне смяротнасці звязанае з павелічэннем долі старэйшага насельніцтва і памяншэннем долі самых старых беларусаў. Разам з гэтым расце і працягласць жыцця.
Сярод нашых суседзяў самы высокі ўзровень смяротнасці ў 2014 годзе назіраўся ва Украіне (14,6 чалавек на 1 тысячу), а самы нізкі — у Польшчы (10,37). У Латвіі ён быў на ўзроўні — 13,6, у Расіі — 13,1, у Літве — 11,55.
Самая высокая смяротнасць у свеце назіраецца ў Паўднёвай Афрыцы — 17,49 чалавека на 1 тысячу і Лесота — 14,9. Самая нізкая — у Катары (1,53), ААЭ (1,99), Кувейце (2,16).
Варта адзначыць, што ў Беларусі назіраецца міграцыйны прырост. За 2014 год ён склаў 15 722 чалавекі. У 2014 годзе міграцыйны прырост насельніцтва павялічыўся ў параўнанні з 2013 годам на 4079 чалавек, або на 35%.
Фота: bymedia.net