Самы сонечны горад Беларусі назвалі ў Белгідрамеце

Мінск — "Горад сонца" / Еўрарадыё
Самым сонечным горадам Беларусі 2024 года аказаўся Мінск. Пра гэта паведаміў тэлеканал СТБ са спасылкай на даныя Белгідрамета.
Паводле звестак метэаролагаў, ад студзеня да кастрычніка 2024 года ў сталіцы было толькі 44 дні без сонечнага святла. Агулам па краіне сіноптыкі зарэгістравалі 54 пахмурныя і 88 ясных дзён.
Сіноптыкі звяртаюць увагу на тое, што праз кліматычныя земены ў Беларусі крыху пераразмеркавалася выпадзенне ападкаў. "Улетку іх стала менш, узімку — крыху больш. Але паколькі менавіта ўлетку ў нас самая вялікая працягласць сонечнага ззяння, то ў выніку мы атрымліваем больш ясных дзён. Успомнім мінулае лета — і нават верасень, які быў, па сутнасці, чацвёртым месяцам лета. Тады сонца свяціла кожны дзень, не было ніводнага цалкам пахмурнага дня", — тлумачыць інжынер-метэаролаг аддзела вывучэння змяненняў клімату Белгідрамета Ганна Недабега.
Дарэчы, самым сонечным для Мінска метэаролагі называюць 2019 год — тады сонца знаходзілася над гарызонтам і воблачнасцю больш за 2000 гадзін. Самая малая працягласць сонечнага ззяння была зафіксаваная ў 1977 годзе.
Паводле Ганны Недабега, у Беларусі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці ясных дзён і змяншэння дзён без сонца.
А самым сонечным на планеце лічыцца амерыканскі горад Юма ў амерыканскім штаце Арызона. Там сонца свеціць удвая больш, чым у Мінску — у сярэднім 4000 гадзін у год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.