Самы высокааплатны геймер Беларусі: Я сышоў з гульняў, шукаю працу

Еўрарадыё паразмаўляла з беларускім кібер-спартоўцам па мянушцы Cypher, які ў свае 23 гады ўвайшоў у ТОП–100 самых высокааплатных геймераў свету, гуляючы ў Quake.

Еўрарадыё: Колькі гадзін на дзень ты гуляў, калі пачынаў?

Аляксей Янушэўскі: Я пачаў прафесійна гуляць з 16 гадоў. У мяне з’явілася каманда, якая плаціла мне заробак, адпраўляла на турніры. Тады я гуляў як мага болей, ставіўся да гэтага як да працы. Трэба было гуляць мінімум пяць гадзінаў у дзень. Цяпер я завяршыў кар’еру, не гуляю. А апошні год гуляў максімум пяць разоў на тыдзень. Бо ўжо 23 гады, ужо шмат часу я гэтаму аддаў і займацца далей няма сэнсу. Ды і там стала не вельмі — мала турніраў, спонсары не даюць сродкаў.

Еўрарадыё: А чаму ты наогул пачаў гуляць?

Аляксей Янушэўскі: Мне было гадоў восем, калі гульня з’явілася. У мяне брат быў чэмпіёнам Беларусі. І я гуляў, пастаянна думаў пра гэта.

Еўрарадыё: А шмат зарабляў, калі гуляў прафесійна, выступаў на чэмпіянатах?

Аляксей Янушэўскі: Былі розныя сітуацыі. Добра зарабляў. Тысяча долараў на месяц была стабільна. Год таму я скончыў “Біп — інстытут правазнаўства” па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Зараз перастаў гуляць у Quake і пачаў шукаць працу. Пакуль грошы ёсць, але хутка скончацца. Было ўжо пару варыянтаў наконт працы. Хацелі, каб я каментаваў гульні, але я з дзяцінства не люблю фотакамер. Я б з задавальненнем пайшоў бы менеджарам у кіберспорт.

Еўрарадыё: Хоць удалося зарабіць на кватэру, машыну?

Аляксей Янушэўскі: На машыну я зарабіў. Грошы прыходзяць праз паўгода пасля чэмпіянату. Ты чакаеш пасля таго, як выйграў турнір. Праходзіць паўгода і асабліва ашчадзіць не атрымоўваецца. Я намагаўся не залежаць ад бацькоў, аплачваць сабе навучанне. На кватэру сабраць не ўдалося. Першую машыну набыў тры гады таму, стары Opel 1999 года. Хацеў яе памяняць, але цяпер не ўдаецца.

Еўрарадыё: А быў час на адпачынак, на сяброў, калі шмат гуляў?

Аляксей Янушэўскі: Калі я шчыльна гуляў, сяброў як такіх не было. Я пастаянна гуляў, быў у раз’ездах, наведаў шмат краін. Цяпер сітуацыя змянілася, бо гульні не замінаюць.

Еўрарадыё: З дзяўчатамі праблем не было?

Аляксей Янушэўскі: З гэтым, дзякуй Богу, праблем не было. Я сустракаўся з дзяўчынай доўгі час. Цяпер, на жаль, разышліся.

Еўрарадыё: А чым захапляешся, калі ўжо не гуляеш?

Аляксей Янушэўскі: Апошні час займаюся спортам. У залу хаджу, выбягаю на вуліцу, на турнікі хаджу, прыводжу сябе ў форму. Люблю музыку, граю на гітары, таксама ў мяне музычная адукацыя — фартэпіяна. Праўда, музычнага гурта няма. Былі думкі, але не знаходзіў аднадумцаў. Але, шчыра, такога таленту ў сабе не адчуваю.

На фота - Аляксей Янушэўскі (Cypher).

Фота - з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі