Савет Еўропы і ЕС асудзілі выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі
Савет Еўропы выступіў з заявай, у якой асудзіў выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі ў траўні 2018 года, піша праваабарончы сайт "Вясна".
"Паведамленні пра яшчэ два смяротныя пакаранні ў Беларусі ў гэтым месяцы выклікаюць трывогу. Савет Еўропы заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе канчатковай адмены. Вышэйшай меры пакарання няма месца ў Еўропе", — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Савета Еўропы, размешчанай на афіцыйным сайце.
Пра выкананне двух смяротных прысудаў стала вядома 29 траўня. Расстраляныя — Аляксей Міхаленя і Віктар Лётаў. Пра іх расстрэл заявіў у Вярхоўным судзе Вячаслаў Сухарко падчас разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд Аляксандра Жыльнікава.
Еўрасаюз таксама асудзіў чарговыя выпадкі ўжывання смяротнай кары ў Беларусі. Адпаведную заяву абнародаваў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
"Працяг прымянення смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары. Адчувальныя крокі, зробленыя Беларуссю для забеспячэння ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку і ў адносінах да прымянення смяротнага пакарання, з'яўляюцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі", — гаворыцца ў заяве.