“Сэлфі яна не рабіла. Тэлефон у іншым пакоі”. Як загінула школьніца з Гродна?

“Сэлфі яна не рабіла. Тэлефон у іншым пакоі”. Як загінула школьніца з Гродна?

Трагедыя адбылася ўвечары ў нядзелю на вуліцы Саламянкоўскай. 13-гадовая Віка выпала з акна кватэры на 10-м паверсе, дзе жыла разам з бацькамі і малодшым братам. У момант трагедыі дзяўчына была дома адна. Ці было гэта самагубства альбо дзяўчына вывалілася з акна выпадкова? Спрабуем дазнацца, што дакладна адбылося ў той вечар.

Бацькі і знаёмыя не вераць у самагубства Вікі, бо, па іх словах, ніякіх прычын для гэтага ў яе не было.

“Увесь пад’езд перажывае, — распавёў Еўрарадыё адзін з суседзяў сям'і дзяўчыны. — Мае дзеці сябравалі з Вікай. Дзяўчынка была добрая, з нармальнай і адэкватнай сям’і. Хутчэй за ўсё, няшчасны выпадак адбыўся, ніякага суіцыду не магло быць. Магчыма, штосьці хацела ўбачыць і нейкім чынам перакулілася праз акно. Сэлфі яна не рабіла, бо тэлефон ляжаў ў іншым пакоі. Я кантактую з бацькамі Вікі, ведаю. Цалкам забяспечаная сям’я, паверце, ніякіх сацыяльных праблем у іх не было. Адбыўся няшчасны выпадак”.

“Трэба правесці вялікі аб’ём працы, каб разабрацца”

У каментарыі Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч кажа, што пакуль канчатковай інфармацыі пра прычыны падзення дзяўчыны з вышыні няма.

“Разбіраемся ў абставінах смерці гэтай дзяўчынкі. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Трэба правесці вялікі аб’ём працы, каб разабрацца. Гэта ўсё, што пакуль магу сказаць”, — распавёў прадстаўнік СК.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі