Вясковец можа набраць на 115 балаў менш за абітурыента з горада і паступіць
“Гарадскія абітурыенты скардзяцца на такую несправядлівасць”, — адказваюць на гэта ў ВНУ.
Каб вывучаць эканамічную тэорыю ў БДУ, абітурыенту з горада трэба мець 331 бал з трох тэстаў і атэстата. Не мала.
А чалавеку з сельскай прапіскай дастаткова набраць усяго 216 балаў! На цэлых 115 балаў меней, пры тым што па адным тэсце можна набраць максімум 100. У БДУ агульны конкурс сёлета быў толькі на 43 спецыяльнасцях.
“На 43 спецыяльнасцях са 109 у нас быў агульны конкурс для сельскіх і для гарадскіх. Там нават былі сітуацыя, калі болей прахадзіла сельскіх абітурыентаў, бо яны лепей здалі. Але сёлета сельскіх абітурыентаў мала, з кожным годам менее”, — тлумачаць Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУ.
І дадаюць, што агульны конкурс бывае тады, калі сельскія абітурыенты здаюць тэсты на роўных з гарадскімі ці калі наогул не падаюць дакументы.
Але на самым прэстыжным факультэце БДУ — Міжнародныя адносіны — умовы для вяскоўцаў і гараджан розныя. Каб вучыцца пяць гадоў на міжнароднага менеджара па турызме, гарадскі мусіць набраць 373 балы, а вясковец усяго 297.
У адміністрацыі ВНУ не скардзяцца: “Сельскія пасля падцягваюцца”.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт сёлета меў асобны конкурс для вяскоўцаў і гарадскіх на палове спецыяльнасцяў.
“Разбежка ў балах часам высокая: 30-40. Гарадскія абітурыенты задаюць пытанні, але мы нічога змяніць не можам. На стадыі прыёму пытаюць, што вяскоўцы праходзяць з меншымі баламі”, — прыгадваюць у гэтым універсітэце.
Каб паступіць у БДТУ на “інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” на бюджэтнае аддзяленне, абітурыенту з горада трэба мець 213 балаў, а вяскоўцу толькі 173 балы па трох тэстах і атэстаце. Атрымліваецца, кожны з тэстаў можна здаць толькі на 43 балы і мець такі ж атэстат.
Дарэчы, пра адмену асобнага конкурсу для сялян і гараджан яшчэ год таму гаварыў старшыня камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй Анатоль Рубінаў:
“Улічваючы выраўноўванне падрыхтоўкі ў сельскіх і гарадскіх абітурыентаў, асобны конкурс не апраўданы. Адзін селянін падае дакументы на адну спецыяльнасць і тады, незалежна ад балу, ён праходзіць”.
Але асобны конкурс так і не адмянілі, нягледзячы на прапановы Анатоля Рубінава.
Нагадаем, сёлета на паступленне прэтэндавалі 74 тысячы абітурыентаў, якія змаглі здаць цэнтралізаванае тэставанне. У дзяржаўных ВНУ для іх было 76 тысяч месцаў, 30,5 тысячы — бюджэтныя.
Фота: voran.by