Серыйная старшыня камісіі: што вядома пра начальніцу “дзяўчыны з бюлетэнямі”

Серыйная старшыня камісіі: што вядома пра начальніцу “дзяўчыны з бюлетэнямі”

У Таццяны Мосінай — старшыні выбарчай камісіі на ўчастку №37 у Брэсце, дзе назіральнік зняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў, — вялікі досвед працы на выбарах. Сёлета яна ўзначальвае ўчастковую камісію трэці раз запар! Дагэтуль яна была старшынёй камісіі на мясцовых (у 2018-м) і на парламенцкіх (у 2016-м) выбарах — на той жа Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3, дзе і сёлета!

Паралельна з гэтай працай — з 2014 да 2018 года — Мосіна, якая працуе дырэктарам вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад — пачатковая школа №1 г. Брэста”, сама была дэпутаткай Брэсцкага гарадскога Савета 27-га склікання.

На парламенцкіх выбарах 2016 года дэпутатам ад Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі №3 стаў Анатоль Дашко. Ён балатуецца ў парламент і сёлета. А старшыня камісіі на адным з участкаў акругі — ізноў Таццяна Мосіна!

Галоўны апанент Анатоля Дашко — Ганна Канюс з БСДП (Грамада) — таксама не першы раз вылучае сваю кандыдатуру на выбарах. Па яе словах, учарашняга канфлікту, падчас якога Мосіна замест таго, каб спыніць дзяўчыну з бюлетэнямі ў руках, загадала ёй проста выйсці з выбарчага ўчастку, больш чым дастаткова, каб паставіць пад сумнеў вынікі не толькі сёлетніх, але і папярэдніх выбараў.

“Гэта ставіць пад сумнеў увесь выбарчы працэс ды ўсе выбары, у якіх яна прымала ўдзел. Дзе гарантыя таго, што такое не адбывалася на папярэдніх выбарах?” — кажа Канюс.

Адфоташопленае відэа

Як ставіцца да сітуацыі дзейны дэпутат Анатоль Дашко, у Еўрарадыё даведацца не атрымалася. Памочнік дэпутата Сяргей Дубіна яго нумара не даў. Аднак выказаў сваё меркаванне пра скандальнае відэа:

"Па-першае, я пры гэтым не прысутнічаў, бачыць не бачыў. Што там было, не ведаю: бюлетэні або адзін бюлетэнь, як яна [“дзяўчына з бюлетэнямі” Анастасія Кулічкова. — Еўрарадыё] кажа. Мне здаецца, што каментаваць штосьці да правядзення расследавання не вельмі карэктна. Па-другое, здымку, якую праводзіў назіральнік, будзем лічыць парушэннем асабістых правоў гэтай дзяўчыны".

Сяргей Дубіна звяртае ўвагу, што на ўчастку балатуецца не толькі дзейны дэпутат, але і іншыя кандыдаты. І абараняе дзяўчыну: маўляў, яна не дазваляла сябе здымаць.

"Выкладзенае відэа — гэта таксама асабістае нейкае меркаванне гэтага таварыша, які праводзіў відэаздымку. Можна ж, так бы мовіць, “адфоташопіць" і зрабіць там усё што заўгодна!"

Тое самае “адфоташопленае” відэа

Назіральнік Юрый Вашчанчук, які зняў гэтае захапляльнае відэа, накіраваў скаргі на дзеянні дзяўчыны і ў акруговую камісію, і ў пракуратуру. Так што, спадзяёмся, разбор будзе.

Адзін бюлетэнь ці некалькі?

Відэа з выбарчага ўчастка №37 у Брэсце зняў і апублікаваў назіральнік Юрый Вашчанчук. Ён спрабаваў спыніць дзяўчыну, якая, на яго думку, ішла да скрыні, каб “прагаласаваць” адразу некалькімі бюлетэнямі.

Еўрарадыё апазнала дзяўчыну: гэта Анастасія Кулічкова, якая працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку, што знаходзіцца за 50 метраў ад выбарчага ўчастка. Сама Кулічкова пацвердзіла, што на відэа менавіта яна. Аднак маладая настаўніца адмаўляе спробу ўкіду. Па яе словах, у руках у яе не стос бюлетэняў, а ўсяго адзін, складзены ўтрое.

Серыйная старшыня камісіі: што вядома пра начальніцу “дзяўчыны з бюлетэнямі”
Колькі іх там?

“Я сапраўды спалохалася, таму і пайшла. Непрыемна вельмі, што мяне абвінавачваюць у тым, чаго я не рабіла”, — кажа Кулічкова.

Добрая спроба, але застаецца шмат пытанняў і дзіўных супадзенняў. Напрыклад, дырэктар у садку, дзе працуе Кулічкова, і старшыня ўчастковай камісіі, голас якой мы чуем на відэа, — адзін чалавек: Таццяна Мосіна. Чаму дзяўчына, якую спыніў назіральнік, перш чым выйсці, разгублена глядзіць у бок выбарчай камісіі? Чаму старшыня камісіі і непасрэдная начальніца дзяўчыны Таццяна Мосіна просіць выбаршчыцу з бюлетэнем (бюлетэнямі?) у руках пакінуць памяшканне, а не ўсё ж пайсці і прагаласаваць?

Серыйная старшыня камісіі: што вядома пра начальніцу “дзяўчыны з бюлетэнямі”
Таццяна Мосіна глядзіць на цябе як на назіральніка.

Датэлефанавацца на выбарчы ўчастак да Таццяны Мосінай у Еўрарадыё атрымалася толькі на другі дзень. Аднак, пачуўшы, што з ёй хоча паразмаўляць журналіст, яна адмовілася размаўляць, спаслаўшыся на неадкладныя справы.

“Прабачце, калі ласка, я зараз вельмі занятая”, — сказала прыглушаным голасам Таццяна Мосіна перад тым, як кінуць слухаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі