Севярынец: беларусы ў шоку ад таго, як улада сябе паводзіць падчас каранавіруса

Севярынец: беларусы ў шоку ад таго, як улада сябе паводзіць падчас каранавіруса

20 сакавіка апазіцыйны палітык Павел Севярынец у эфіры Еўрарадыё заявіў пра неабходнасць "народнага каранціну". Паводле яго слоў, "смяротная небяспека навісла над беларускім народам і трэба супольна супраць яе змагацца". Севярынец лічыць, што "людзі ў шоку ад таго, як паводзіць сябе ўлада" ў сітуацыі з каранавірусам: межы не закрываюцца, заняткі ў навучальных установах не спыняюцца, нават футбольны чэмпіянат не спынены (адзіны ў Еўропе!). Ён робіць выснову: Аляксандр Лукашэнка не спраўляецца з сітуацыяй і мусіць пайсці ў адстаўку.

Палітык кажа, што ў беларускай апазіцыі цяпер ёсць выбар: не заўважаць тэндэнцыі, якія цяпер назіраюцца ў грамадстве, ці прыняць актыўны ўдзел. Павел Севярынец перакананы, што сёння апазіцыя павінна аб'яднацца: "Рэжым моцны, мы абмежаваны ў сродках, але народ за нас, супраць гэтай улады. Гэта ўнікальная магчымасць!".

Севярынец лічыць, што цяпер не трэба займацца падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў: "Людзі не дурныя, яны бачаць, хто змагаецца, а хто імітуе". Паводле яго слоў, трэба патрабаваць увядзення каранціну ад улады. А калі яго не ўводзяць, арганізоўваць "народны каранцін". "Гаворка ідзе пра жыццё і смерць, — працягвае Севярынец. — ...Каранавірус не толькі нашы планы мяшае і перакульвае, але перакульвае і планы Лукашэнкі, Расіі".

Якія дзеянні для апазіцыі прапануе Павел Севярынец? Ён кажа, што рыхтуецца заява наконт "народнага каранціну". Другі крок — патрабаванне абвяшчэння з-за сітуацыі з каранавірусам дзяржаўнага каранціну. Далей трэба прыкладаць "народныя высілкі" да падрыхтоўкі сістэмы аховы здароўя, якой, як ён лічыць, цяжка будзе саўладаць з сітуацыяй. І нарэшце, кажа палітык, трэба будзе ставіць патрабаванне "Лукашэнку ў адстаўку".

"Я не хачу, каб мой сын жыў у краіне, дзе яго будуць цкваць за беларускую мову і дэмакратычныя перакананні", — заявіў Севярынец у эфіры Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі