Шантажаваць Еўрасаюз у Лукашэнкі не атрымаецца — кіраўнік МЗС Германіі
Некалькі тысяч мігрантаў разбілі лагер на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА
Еўрасаюз не паддасца на шантаж, заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас. Вытрымкі з яго заявы прыводзіць агенцтва ТАСС.
Па словах Мааса, "Лукашэнка па-ранейшаму раскручвае небяспечную спіраль эскалацыі, з якой для яго самога няма выйсця. Ён бессаромна выкарыстоўвае людзей, якія шукаюць прытулак, як закладнікаў у сваёй цынічнай гульні за ўладу".
Але "ЕС не схільны шантажу". Кіраўнік нямецкай дыпламатыі нагадаў, што кіраўніцтва Еўрасаюза і еўрапейскіх краін ясна далі зразумець, што маюць намер "рашуча супрацьстаяць вераломным і бесчалавечным дзеянням Лукашэнкі і яго саюзнікаў".
Пры гэтым Маас адзначыў, што Еўрасаюз па магчымасці будзе дапамагаць уцекачам, якія захраслі на мяжы, праз розныя гуманітарныя арганізацыі як у Беларусі, так у Польшчы.
Ён таксама нагадаў аб новых санкцыях у дачыненні да Мінска. Абмежаванне будуць уведзеныя ў дачыненні да тых, хто ўдзельнічае ў мэтанакіраванай перавозцы мігрантаў. Але могуць быць і новыя эканамічныя санкцыі.
Пакет абмежаванняў, які абмяркоўваецца цяпер, "не выключае таго, што ў будучыні санкцыі будуць пашыраныя на іншыя вобласці эканомікі".
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС абвастрыўся ў панядзелак. У гэты дзень на ўчастак мяжы ў раёне беларускага Гродна прыйшлі тысячы мігрантаў і пачалі прадпрымаць спробы прарвацца ў Польшчу. Польскаму боку прыйшлося павялічыць сілавую прысутнасць. Літва ўвяла надзвычайнае становішча ў памежных раёнах. Мінулай ноччу дзве вялікія групы мігрантаў здолелі зламаць агароджу і трапіць на тэрыторыю Польшчы. Польскія памежнікі вярнулі частку мігрантаў на лінію мяжы, астатніх шукаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.