Шарэйка збіраецца вярнуцца на пасаду дырэктара Віцебскай птушкафабрыкі

Шарэйка збіраецца вярнуцца на пасаду дырэктара Віцебскай птушкафабрыкі

10 чэрвеня у Вярхоўным судзе агучылі вырак Ганне Шарэйка. Яе прызналі вінаватай у злоўжыванні службовым становішчам і пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі. Улічваючы адбыты ў СІЗА тэрмін і амністыю, былую сенатарку вызвалілі ў зале суда.

У першыя хвіліны на свабодзе Ганна Шарэйка расказала журналістам, што хацела б вярнуцца на сваю пасаду:

"З працы я не звальнялася. Статуса недатыкальнасці мяне пазбавілі. Юрыдычны свой статус я пакуль не магу акрэсліць. Зараз адвакат мне патлумачыць. Я так разумею, што амністыя зняла маю судзімасць (амністыя аўтаматычна здымае судзімасць ― Еўрарадыё). Што гэта для нас ― я павінна яшчэ зразумець. Ведаеце, да гэтага выпадку я ніколі не дачынялася з праваахоўнымі органамі, ніколі. 15 гадоў працавала кіраўніком і не ведала, хто такія пракуроры і хто такія суддзі. Ніколі не судзілася...

Я не звольненая. Напэўна, трэба паехаць да кіраўніцтва. Мне трэба зразумець, ці яны гатовыя мяне прыняць, ці давяраюць мне. Калі будзе нейкі недавер, я працаваць не буду. Я хачу прыносіць карысць, а калі табе не давяраюць, то гэта немагчыма".

За кратамі пакуль застаецца грамадзянін Літвы Вальдэмарас Норкус, які па версіі следства, быў замяшаны ў злоўжываннях Шарэйкі. Ён павінен выйсці нас свабоду 10 ліпеня. Шарэйка ўжо заявіла, што яны з Норкусам збіраюцца пасля гэтага пабрацца шлюбам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі