Шаўцоў: Найхутчэй Еўрасаюз увядзе эканамічныя санкцыі
На думку палітолага, нармалізацыя адносін Беларусі і ЕС можа адбыцца пасля памілавання асуджаных апазіцыянераў.
Палітолаг Юрый Шаўцоў у жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў магчымасць увядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцый супраць Беларусі.
Еўрарадыё: Наколькі рэальнае ўвядзенне Еўрасаюзам нейкіх эканамічных санкцыяў сёння ў адносінах да Беларусі?
Шаўцоў: “Хутчэй за ўсё санкцыі будуць уведзеныя, бо ёсць рашэнне з еўрапейскага боку аб тым, што павінны быць нейкія кропкавыя санкцыі. Гэта ўпершыню і гэта вельмі істотнае рашэнне. Таму я думаю, што яно будзе выкананае сёння”.
Еўрарадыё: Наколькі вялікі можа быць спіс прадпрыемстваў і якія гэта будуць прадпрыемствы?
Шаўцоў: “Злівы" ў СМІ былі, наконт таго, хто можа быць уключаны. Звычайна праходзіў “Белнафтахім”, нашыя калійшчыкі, “Трайпл” і іншыя”.
Еўрарадыё: Калі гэтыя санкцыі ўвядуць, ці будзе шанец на вяртанне адносін ЕС і Беларусі прынамсі на тую планку, як год ці два таму?
Шаўцоў: “Канешне, будуць. Тое, што ў нас адбываецца — гэта звычайны палітычны канфлікт, на якіх будуецца ўся палітычная гісторыя чалавецтва. Пасля канфлікта заўсёды ідзе нешат лепшае. Таму адносіны паміж намі калі-небудзь палепшацца абавязкова”.
Еўрарадыё: Хто зробіць першы крок — Беларусь ці Еўрапейскі саюз?
Шаўцоў: “Беларусь. Бо мячык, як кажуць, на нашым баку. Гэтыя санкцыі ўводзяцца ў адказ на судовыя працэсы, якія зараз праходзяць у нас над людзьмі, якія ўдзельнічалі ў падзеях 19 снежня. І калі гэтая праблема будзе вырашаная, а яе можна вырашыць праз механізм памілавання прэзідэнтам асуджаных людзей, дык тады адразу адпадзе тая нагода, якая вызвала санкцыі”.
Фота — belsat.eu