Школа, дзе загінула 8-класніца: Гэта была акцыя “Дапамажы сабраць ураджай”
Прадстаўнік школы Дзяніс Курэц настойвае, што дзяцей накіравалі на ўборку бульбы ў межах навучальна-выхаваўчага працэсу, таму гэта нельга прызнаць працай. Гэта была акцыя “Дапамажы сабраць ураджай”.
Аддзел адукацыі райвыканкама Маладзечна накіраваў рэкамендацыі школам ехаць на ўборку бульбы са сваёй ініцыятывы. Пра гэта заявіла прадстаўніца аддзела адукацыі Кацярына Трот. У сваім лісце чыноўнікі раілі накіроўваць на бульбу ці педагогаў, ці вучняў 10-га класа. Прадстаўніца аддзела адукацыі пярэчыць прадстаўніку школы і называе ўборку бульбы працай, а не выхаваўчым працэсам.
Суд Маладзечанскага раёна разглядае пазоў бацькі загінулай на “бульбе” Вікторыі Папчэні да гаспадаркі, каб прызнаць факт існавання працоўных адносінаў.
Нагадаем, 13-гадовая школьніца ў Маладзечанскім раёне загінула 29 верасня. Крымінальную справу за яе смерць пачалі на кіроўца МАЗА, які наехаў на васьмікласніцу, і дзвюх настаўніцаў.
Бацькі загінулай дзяўчынкі хочуць, каб яе гібель прызналі няшчасным выпадкам на вытворчасці. Паводле закона гэта можа зрабіць толькі суд, бо інспекцыя па працы не прызнае вытворчага выпадку: працоўныя адносіны ў Беларусі пачынаюцца з 14 гадоў.