Школьная праграма па літаратуры засталася сам-насам з Чаргінцом
Старшыня дзяржаўнага саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец працягвае лабіраваць для абавязковай школьнай праграмы “сваіх” рускамоўных пісьменнікаў. Ён нават напісаў ліст міністру адукацыі Карпенку, паскардзіўся на тое, што праграма па рускай літаратуры ў школах спрэс русафобская.
Пісьменнікаў Чаргінца ў школу не пускае Камісія па рускай літаратуры Нацыянальнага інстытута адукацыі. Аднак у спісе рэкамендаванай літаратуры для школьнікаў на сайце Міністэрства адукацыі Еўрарадыё і так знайшло амаль усіх з прапанаваных Мікалаем Чаргінцом літаратараў, акрамя Н. Іллінскага, В. Паліканінай і Т. Гусачэнка-Красновай.
Вось што пра раман Іллінскага "Квітнела, квітнела чаромха", які лабіруе Чаргінец, піша працоўная група Нацыянальнага інстытута адукацыі:
"Тэкст шмат у чым “другасны”, бо не толькі нагадвае эпапею М.Шолахава “Ціхі Дон”, раман “Паднятая цаліна”, але і раман А. Іванова “Вечны покліч”, які паслужыў аўтару лякалам, паколькі запазычаныя практычна ўсе сюжэтныя хады і характары герояў. Дадзены тэкст па стылявых асаблівасцях блізкі масавай літаратуры, не валодае высокай ступенню мастацкасці, даказанай і пацверджанай у літаратуразнаўчых даследаваннях".
На думку Мікалая Чаргінца, “свае” рускамоўныя пісьменнікі па якасці не саступаюць Салжаніцыну, Уліцкай, Талстой.
Чаргінец: “Спрэчка была ў тым, што пакінулі ў спісе творы Салжаніцына, Уліцкай, той жа Талстой, а мы лічым, што дзецям трэба даваць сваё, яно па якасці не саступае, і таму трэба рабіць акцэнт на беларусаў, якія пішуць па-руску. Мы праводзілі некалькі год таму апытанне, разаслалі анкеты ў бібліятэкі па ўсёй краіне, паводле якіх выявілася, што за некалькі гадоў кнігі, якія мы ўказалі ў анкеце, прачытала каля двух с паловай мільёнаў чалавек. А камісіі гэтыя кнігі не патрэбныя”.
Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, самую прынцыповую пазіцыю у камісіі займае Наталля Блішч. “Яе можна параўнаць з "народжаны поўзаць лятаць усіх вучыць”, ― эмацыйна выказваецца Чаргінец.
Еўрарадыё паразмаўляла з доктарам філалагічных навук, прафесарам кафедры рускай літаратуры БДУ Наталляй Блішч пра гэтую скандальную сітуацыю. Нечакана апынулася, што прафесар ужо не працуе ў камісіі па рускай літаратуры:
"Мне вельмі не падабаецца гэтая гісторыя. Я ўжо падала заяву па ўласным жаданні, і з 21 червеня не знаходжуся ў камісіі, — распавядае Наталля Блішч. — Сваё прафесійнае меркаванне я выказала, але да яго не прыслухаліся, і я прыняла рашэнне сысці з камісіі, бо мяне больш цікавіць навука, даследаванні, а гэтая камісія займала вельмі шмат часу. Лічу, што сваю працу па ўдасканаленні школьных праграм я завяршыла”.
Больш за тое, пасля скандалу праблемы ўзніклі нават у кафедры рускай літаратуры БДУ.
Наталля Блішч: “Мяне цяпер больш хвалюе лёс кафедры рускай літаратуры. Бо я выказала сваё індывідуальнае прафесійнае меркаванне, а ганенні пачаліся на кафедру, якая зусім ні пры чым".
Па кнігах, якія Чаргінец прапаноўвае ў школьную праграму, Наталля Блішч займае прынцыповую пазіцыю: "Гэтыя кнігі зусім не для школьнай праграмы. Там пра смерць, пра забойства, яны жорсткія. Яны напісаныя людзьмі, якія ўсё гэта бачылі, і стыль гэтых твораў такі "прафесійны", слэнгавы. Можа, гэтая літаратура і мае права на існаванне, але не ў школьнай праграме".
Такім чынам, цяпер школьная праграма па рускай літаратуры засталася сам-насам з Чаргінцом.
Фота: Наталля Блішч ― з сайта bsu.by