Школьніца мяняла буйныя сумы грошай — і ніхто не пытаў, адкуль яны ў яе
Дзяўчынка за раз мяняла больш за тысячу долараў / Alamy
Дзеці крадуць не толькі ў праблемных сем'ях. Так, "Гродзенская праўда" піша пра цікавую гісторыю: жыхарка абласнога цэнтра паведаміла ў міліцыю пра знікненне трох тысяч долараў і 300 беларускіх рублёў.
Міліцыя высветліла, што грошы скрала 13-гадовая ўнучка заяўніцы. Дзяўчынка расказала, што буйныя сумы грошай яна мяняла ў "абменніку" ў адным з гандлёвых цэнтраў, пасля чаго ладзіла "шопінг". І ніякіх пытанняў у банках да дзяўчынкі, якая мяняе за раз больш за тысячу долараў, не было.
"Так, абмяняўшы 1200 долараў, яна набыла ў салоне сувязі смартфон "Айфон 12" коштам амаль 2700 рублёў. Пазней яна абмяняла ў гэтым жа абменным пункце яшчэ 1400 долараў і цягам двух тыдняў наведвала розныя кавярні, набывала прысмакі, вопратку, абутак, аксэсуары", — расказалі "Гродзенскай праўдзе" ў абласной пракуратуры.
Мама дзяўчынкі не цікавілася тым, адкуль у той грошы на дарагія пакупкі: была ўпэўненая, што іх ёй дае бацька, які жыве асобна.
Дзяўчынка яшчэ занадта малая для крымінальнай адказнасці. Але ў міліцыі ўзніклі пытанні да работнікаў абменных пунктаў і крам, у якія хадзіла школьніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.