Школьнікаў, пацярпелых пры нападзе з нажом ў Стоўбцах, прааперавалі
Дактары прааперавалі двух школьнікаў, пацярпелых пры нападзе з нажом ў Стоўбцах. Пра гэта інфармагенцтву БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
Па яе словах, абодва хлопчыкі знаходзяцца ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай лякарні. Лекары робяць усё магчымае, каб стабілізаваць іх стан. Для кансультацый выехалі спецыялісты з вобласці.
Як распавядала Еўрарадыё, каля 8-й гадзіны 11 лютага дзесяцікласнік сярэдняй школы №2 ударыў нажом настаўніцу і трох вучняў. Настаўніца і адзін са школьнікаў памерлі. Двух іншых шпіталізавалі.
Хлопец уцёк з месца здарэння. Каля 10-й гадзіны раніцы яго затрымалі супрацоўнікі-крыміналісты разам з байцамі АМАП у пад'ездзе дома на вуліцы Свярдлова.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце забойства двух чалавек. Яна знаходзіцца на кантролі старшыні СК Івана Наскевіча, які асабіста прыбыў у Стоўбцы.