Шматдзетная маці Святлана Шырвель: Дзеці хочуць вучыцца, але ў школе ім нецікава
Разам з рэпетытарам Аляксандрам Луцэвічам і шматдзетнай маці Святланай Шырвель успамінаем, што было за год у адукацыі, і робім прагнозы на наступны у выніковай відэапраграме.
Прапануем найлепшыя цытаты з размовы
Святлана Шырвель: Усё, што адбывалася, праходзіла фармальна. У нас шматдзетная сям’я, чатыры вучні, іх гэта не закранула. Каб нешта змянілася, палепшылася ці стала лепш для дзяцей — мы не адчулі. Дзяцей больш цікавіць, чаму веды фармальныя. Яны задаюць пытанні: “Чаму дома мы нешта вывучаем, а ў школе гэтага няма? Дзецям нецікава чытаць падручнікі, там не хапае цікавых звестак, бо ў падручніках усё нежыццёвае і несучаснае.
Аляксандр Луцэвіч: Калега на працы паставіла скрынку, каб сабраць макулатуру дачцэ, якая вучыцца ў 4-м класе. Гэта год новага міністра. І самае яркае — гэта перанос пачатку ўрокаў у школах. Таму абітурыенты не паспяваюць да нас да 16 гадзінаў, таму ў нашым цэнтры павялічыўся працоўны дзень. Важны момант — падрыхтоўка адмены экзаменаў у 5-я класы ў гімназіі. А як тады быць з гімназіямі? Гэта зруйнуе профільнае навучанне. Бо гімназіі — гэта асяроддзе, куды людзі прыходзяць па веды, падштурхоўваюць адно аднаго.
Пра настаўнікаў
Святлана Шырвель: Мы шкадуем сваіх настаўнікаў, бо ведаем, якія ў іх заробкі. Нам бы хацелася, каб іх дзяржава стымулявала, каб яны займаліся сваёй працай з зацікаўленасцю. Але ж апроч асноўнай працы яны робяць шмат адміністратыўнай. Гэта вялікая праблема, якая цягнецца доўгі час.
Аляксандр Луцэвіч: Міністэрства адукацыі паказвае, што не мае дачынення да лішняй працы настаўнікаў. Гэта робяць мясцовыя органы ўлады, якія даюць свае рэкамендацыі і дасылаюць патрабаванні. На настаўніка лёгка ўсё навесіць. Трэба, каб мясцовыя органы ўлады разумелі, што настаўнік мусіць вучыць. Настаўніку цяжка адмовіцца самому, тут і прэміі могуць пазбавіць. Ды і чалавек ва ўзросце ўжо не такі мабільны. Яму пасля складана працу памяняць.
Святлана Шырвель: Гэта праблема не столькі настаўнікаў, колькі кіраўніцтва школ. Калі б кіраўнікі школ адмовіліся б ад гэтага, можа, такога б і не было. Сваю настаўніцкую працу настаўнік выхоплівае з таго часу, які аддае на іншую, адміністратыўную, працу.
Пра асобу новага міністра
Аляксандр Луцэвіч: Нейкіх самастойных рэчаў, якія б ішлі ад міністра адукацыі, я не заўважыў. Міністр у Беларусі — хутчэй выканаўца. Пытанні вырашаюцца на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта. Нават школьная форма, пра якую так шмат гаварыў міністр, не была ўведзеная паўсюль аднолькавая.
Пра дыялог з чыноўнікамі ў наступным годзе
Аляксандр Луцэвіч: Цяпер вялікую ролю адыгрываюць нетрадыцыйныя СМІ. Напрыклад, калі ў вядомага чалавека ёсць фэйсбук, то ён ужо міні-СМІ. Калі ён уздымае нейкае пытанне, то прыцягвае грамадскасць. І калі пару гадоў таму чыноўнікі маглі адмаўчацца, то цяпер ужо не. На гэта ўжо вымушаныя рэагаваць. Таму я веру, што ў новым годзе гэтая камунікацыя будзе развівацца далей, узнікне разуменне, што мы адна нацыя, адзін народ і нашы дзеці ходзяць у адны і тыя ж школы.
Пра чаканыя змены ў школе ў наступным годзе
Святлана Шырвель: Я б хацела, каб пытанне патрыятычнага выхавання ў школе знікла. Ну чаму б не звярнуць увагу на гісторыю Беларусі, родную мову, герояў Беларусі. Гэта цікава дзецям, яны хочуць сябе адчуваць годнымі і значнымі. Таму хачу, каб у наступным годзе ўвагу звярнулі на гэта.
Аляксандр Луцэвіч: Для наватарства патрэбныя душэўныя сілы, а калі ты завалены паперамі, сіл на навацыі не хапае.
Пра IT-сферу, школу і будучыню
Святлана Шырвель: Мой старэйшы сын скончыў дызайнерскую школу, робіць нейкія мастацкія рэчы. І тое, што ён атрымаў платна, і веды ў школе па гэтых жа дысцыплінах вельмі адрозніваюцца. У школе план адстае ад сучаснасці. У нас у школе адна настаўніца англійскай мовы драйвовая, яна прыдумляе нешта наватарскае. Але такіх няшмат зусім.
Аляксандр Луцэвіч: У IT-сферы ёсць шанец уратаваць не толькі школу, але і ўсю краіну. Гэтая сфера можа ўратаваць эканоміку, а эканоміка можа ўратаваць адукацыю.