Шорац: Уезд у цэнтр Мінска можа стаць платным для ўсіх

Шорац: Уезд у цэнтр Мінска можа стаць платным для ўсіх

Уезд у цэнтр Мінска можа стаць платным для ўсіх. Такі праект разглядаюць улады сталіцы. Пра гэта 21 снежня паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Ён звярнуў увагу на той факт, што ў бліжэйшыя гады ўзровень аўтамабілізацыі ў Мінску можа наблізіцца да крытычнага.

"Мы ўжо паўгода вывучаем гэтую тэму, — цытуе словы Шорца агенцтва "Мінск-навіны". — Ёсць розныя тэхнічныя сродкі, як гэта зрабіць, і розныя падыходы. Адны спецыялісты прапануюць зрабіць нязручным праезд праз цэнтр горада і выкарыстоўваць 1-е і 2-е транспартныя колы, каб знізіць аўтамабільныя патокі. Іншыя — абмежаваць ўезд на МКАД або зрабіць яго платным для грузавога транспарту".

Па словах кіраўніка сталіцы, таксама ёсць прапанова зрабіць платным ўезд у цэнтр Мінска для ўсіх аўтамабілістаў. Галоўная задача — зрабіць рух на грамадскім транспарце больш зручным, камфортным і хуткім, чым на асабістых аўтамабілях, адзначыў Андрэй Шорац. Ён не выключае, што ўезд у цэнтр Мінска зробяць платным для ўсіх, выкарыстоўваючы сістэму BelToll. "І кожны ўдзельнік руху будзе разумець, што, заязджаючы ў пэўную зону, ён павінен заплаціць", — сказаў Шорац. А пакуль чыноўнікі вывучаюць досвед італьянскага горада Турын па абмежаванню зезду ў цэнтр, паколькі па структуры дарожнай сеткі ён падобны на Мінск.

Таксама Андрэй Шорац паведаміў, што пасля аналізу руху грамадскага транспарту на ўчастку праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да цырку, дзе для яго вылучана асобная паласа, будзе прынятае рашэнне аб вылучэнні такіх палос і на іншых асноўных праспектах сталіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі