Што напісалі расійскія СМІ пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна

Што напісалі расійскія СМІ пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна

8 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наведаў ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску. Па выніках візіту большасць расійскіх СМІ напісалі толькі па некалькі навінак. Самыя частыя загалоўкі — варыяцыі на тэму “Пуцін паскардзіўся Лукашэнку, што мала спіць”. Такі дыялог сапраўды адбыўся: Аляксандр Лукашэнка не жадаў уступаць калегу увогуле ні ў чым ад самага пачатку, таму акуратна заўважыў, што і сам без канца не высыпаецца”, — піша на гэты конт “КоммерсантЪ”.

“Бацька паспачуваў, але ў цяжкае становішча госця ўваходзіць не стаў, — падтрымлівае “Маскоўскі камсамолец”. — Яму, чаго б гэта ні каштавала, трэба было выбіць зніжку на газ, які Расія прадае па завоблачных, як лічаць у Беларусі, коштах”.

Менавіта перамовы Расіі і Беларусі па коштах на газ сталі тэмай абмеркавання ў расійскіх СМІ.

“Праграма ў нас сёння занадта вялікая, — перадае словы Лукашэнкі на пачатку сустрэчы “Камсамольская праўда”, — Але ў той жа час кіраўнік Беларусі зазначыў, што закрытых тэм няма. І калі хто жадае выступіць, то заўсёды калі ласка. “Выступіць тут жа пажадаў Андрэй Кабякоў, што недвухсэнсоўна наводзіла на думкі: у іх з Лукашэнкам гэта была такая граматная дамашняя загатоўка”.

Такую ж здагадку выказвае і “КоммерсантЪ”: Андрэй Кабякоў, відаць, ад самага пачатку быў асуджаны на цяжкую місію пачаць размову пра газ з расійскім прэзідэнтам. Ён сустрэў Уладзіміра Пуціна ў аэрапорце. І той падвёз спадара Кабякова на сваёй машыне да Палаца Незалежнасці, дзе іх чакаў беларускі прэзідэнт. Прычым, я бачыў, як Андрэй Кабякоў выходзіў з машыны Уладзіміра Пуціна. З яе выйшаў, не адразу, выматаны жыццём і вельмі стомлены ад яго чалавек. Дастаткова было, відаць, паўгадзіны, каб асноўныя сілы пакінулі яго. Ён яшчэ некаторы час стаяў каля машыны ў кашулі, трымаючы ў руках пінжак, і як быццам вырашаў, што яму рабіць далей. Як жыць. А далей гэтая яго катарга працягнулася ўжо ў палацы".

Іншыя СМІ больш суха апісваюць перамовы, маўляў, прэзідэнты не дамовіліся і загадалі гэтае пытанне вырашаць міністрам энергетыкі.

Сярод іншага, “Федэральнае агенцтва навінаў” прыцягвае ўвагу загалоўкам “Лукашэнка распавёў, хто спрабуе пасварыць Расію і Беларусь”. Але ў выніку не апраўдваюць чаканняў:

“Прэзідэнт Беларусі сёння заявіў, што адзінства Масквы і Мінска падабаецца далёка не ўсім. Ён падкрэсліў, што "пэўныя сілы" на тэрыторыі дзвюх краін пярэчаць усебаковаму супрацоўніцтву і збліжэнню Масквы і Мінска. "Усялякімі спосабамі імкнуцца разбурыць наша адзінства, пасварыць Беларусь з Расіяй", — дадаў Лукашэнка”.

Хто больш з’едліва, хто больш агрэсіўна, але расіяне праходзяцца і па закліку Пуціна павялічыць пастаўкі сваёй аграпрадукцыі на рынак РФ, а не прапускаць транзітам праз Беларусь санкцыйныя тавары.

“Па словах расійскага прэзідэнта, цяпер палова беларускага экспарту ідзе ў Расію. Пры гэтым ён запэўніў, што "можа быць і больш". Аднак, па словах Пуціна, Беларусі для гэтага трэба распачаць шэраг крокаў, напрыклад, пашырыць вытворчасць”, — паведамляюць “Вести.ру”, а “КоммерсантЪ” падхоплівае: "Хай лепш нашы вытворцы вырошчваюць усё, аж да бананаў, і прадаюць у Расію! — выкрыкнуў Аляксандр Лукашэнка. Гэта значыць, відавочна, пастаўкі беларускіх бананаў у Расію будуць працягвацца гэтак жа актыўна, як цяпер”.

Дарэчы, за першыя тры месяцы 2016 года Беларусь паставіла ў Расію 10 824 кілаграмы бананаў, пры тым, што закупіла за гэты час 16 829 кілаграмаў. То бок з'елі мы амаль у два разы менш бананаў, чым перапрадалі суседзям. А больш за ўсё бананаў мы паставілі ў Расію ў 2014 годзе — 557 тон.

 

Агулам жа расійскія СМІ без імпэту паставіліся да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, адыграўшы тэму двума-трыма невялічкімі навінкамі. Рэдкія справаздачныя артыкулы апынуліся без перагібаў у той ці іншы бок, без лішняга нагнятання і ў даволі сяброўскім ключы. Хіба толькі “КоммерсантЪ” апісаў перамовы, якія мусілі “прынесці дамоваў на некалькі соцень мільёнаў долараў”, у з’едлівым і забаўляўльным стылі.

"Двум прэзідэнтам зладзілі імгненны паказ беларускай моды. Гэта значыць, дзяўчаты і юнакі насоўваліся на прэзідэнтаў з глыбіні невялікага павільёна і, замёршы акурат перад імі, глядзелі на іх з прафесійнай шчырасцю: ці то з трывогай, ці то пагрозліва, але заўсёды спадылба, а потым разварочваліся спіной і дэманстратыўна (бо гэта ўсё ж была дэманстрацыя) сыходзілі туды, адкуль прыйшлі. Нарэшце і Уладзімір Пуцін паляцеў туды, адкуль прыляцеў", — завяршае справаздачны артыкул журналіст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі