Што пасварыла Лукашэнку з патрыярхам Кірылам?

“Тое, што высокія іерархі разам з нашым народам святкуюць вялікую гістарычную дату, сведчыць аб вялікай ролі праваслаўнай духоўнасці ў жыцці беларусаў”, — гаворыць Аляксандр Лукашэнка падчас агульнай сустрэчы з патрыярхам Кірылам і прадстаўнікамі іншых праваслаўных цэркваў.

Іх у Мінск прыехала ажно восем — унікальны выпадак толькі падвышае значнасць святкаванняў. Вернікаў таксама сабралася нямала — паводле афіцыйных падлікаў каля 50 тысяч чалавек. А вось кіраўніка Беларусі там чамусьці не было. Пры гэтым сярод важных падзей дня афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі называе толькі падпісанне “Указа аб падаўжэнні тэрміна прыняцця дакументаў у ВНУ сельскагаспадарчага профіля”. Так сабе адмазка. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што адсутнасць Лукашэнкі на ўрачыстасцях аб нечым сведчыць.

“Не было сёння на гэтай урачыстай літургіі Лукашэнкі. Нагадаю, што на падобным мерапрыемстве ў Кіеве быў і Януковіч, і Пуцін. А вось сёння — не”.

На думку Якаўлеўскага, кіраўнік Беларусі і старшыня РПЦ не змаглі дамовіцца аб чымсьці важным яшчэ падчас чэрвеньскага візіту Лукашэнкі ў Краснадарскі край. Паводле афіцыйнай версіі, там яны акурат абмяркоўвалі ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Аб чым насамрэч ішла размова — можна толькі здагадвацца. Але ў выніку Лукашэнка так і не паехаў у Кіеў, хоць яго візіт туды з малодшым сынам Мікалаем быў анансаваны ўкраінскімі СМІ. Прыезд Кірыла ў беларускую сталіцу таксама выйшаў пакамечаным — патрыярх прабыў у нас менш за суткі. Раман Якаўлеўскі адзначае, што чакалі ад яго значна большага.

“На жаль, прыходзіцца адзначыць наступнае: патрыярх так і не наведаў Курапаты. А гэтага шмат хто чакаў. Ён наведваў падобныя месцы ў іншых краінах — у Эстоніі, напрыклад. У яго дзед рэпрэсаваны. А вось у Курапаты не паехаў”.

Ёсць і яшчэ адна дэталь. Усяго за тры дні да візіту праваслаўных іерархаў у Беларусь Аляксандр Лукашэнка раптам здзіўляе публіку заявамі аб неабходнасці рэфармавання Праваслаўнай царквы. Маўляў, людзі стамляюцца ад доўгіх службаў у цэрквах, а на храмы ідзе вельмі шмат грошай. У дадатак — ставіць прыкладам для праваслаўных каталіцкага Папу Францішка. Заява кіраўніка краіны ставіць у тупік нават сталага аўтара дзяржаўных выданняў, палітолага Юрыя Шаўцова.

“Падзея, звязаная са святкаваннем Хрышчэння Русі, знакавая не толькі для Беларусі і Украіны, але і для Расіі. І яна ўлучаная ў вялікую палітыку без сумневу. Таму гэтая заява на 100 адсоткаў палітычная і можна толькі гадаць, што там магло мецца на ўвазе”.

Што аб гэтым усім падумаў патрыярх Кірыл — невядома. Але падчас урачыстай імшы ў Мінску на месцы старажытнага замчышча ён паведаміў вернікам, што тут будзе пабудаваны новы праваслаўны храм.

Фота - БелТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі