Што за 40 дзён пасля забойства Шарамета змаглі даведацца ўкраінскія следчыя

Што за 40 дзён пасля забойства Шарамета змаглі даведацца ўкраінскія следчыя

У нядзелю, 28 жніўня, споўнілася 40 дзён са дня смерці журналіста Паўла Шарамета. Напярэдадні тэлеканал CNN паказвае інтэрв’ю прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, у якім той заяўляе: “Гэта тэст для ўкраінскіх праваахоўных органаў — забяспечыць эфектыўнае і празрыстае расследаванне ў справе аб забойстве Паўла Шарамета. Гэта тое, што мы павінны зрабіць”.

Што ж на самой справе было зроблена праваахоўнымі органамі Украіны за гэтыя 40 дзён?

1. Раніцай 20 ліпеня Павел Шарамет выязджае на эфір сваёй праграмы на радыё “Вести”, але паспявае праехаць толькі некалькі соцень метраў — у 7.45 пад днішчам машыны спрацоўвае самаробная бомба. Журналіст памірае на месцы. Машына, на якой ён ехаў, належыць яго грамадзянскай жонцы, уладальніцы інтэрнэт-выдання “Украінская праўда” Алене Прытуле.

У гэты ж дзень:

Прэм’ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман звяртаецца ў паліцыю з патрабаваннем забяспечыць “хуткае і эфектыўнае” расследаванне забойства Шарамета. Генпракурор Юрый Луцэнка піша ў Фэйсбуку: “Зраблю ўсё, што магу, каб разам з калегамі раскрыць злачынства”. “Неадкладна расследаваць злачынства” даручае праваахоўным органам прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. А кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Хація Дэканаідзэ кажа, што паспяховае расследаванне абставін смерці Шарамета для яе — гэта пытанне годнасці.

Пётр Парашэнка атрымлівае згоду ФБР ЗША далучыцца да расследавання забойства Паўла Шарамета.

Дарадца кіраўніка Службы Бяспекі Украіны Юрый Тандзіт называе чатыры галоўныя версіі забойства: прафесійная дзейнасць, непрыязныя адносіны альбо асабістыя матывы, расійскі след, замах на Алену Прытулу.

21 ліпеня Дзярждэпартамент ЗША распаўсюджвае заяву, што ФБР ужо падключылася да расследавання забойства Шарамета.

22 ліпеня ў СМІ з’яўляецца відэа моманту закладкі выбухоўкі пад аўтамабіль, на якім ехаў Павел Шарамет. Следчыя заяўляюць: выбухоўку падклала жанчына. У Кіеве развітваюцца з Паўлам Шараметам.

23 ліпеня — з Паўлам Шараметам развітваюцца ў Мінску.

25 ліпеня. Па словах Генпракурора Юрыя Луцэнкі, “эксперты ФБР дапамаглі ўкраінскім праваахоўнікам вызначыць тып выбухоўкі і правесці аўтаэкспертызу”.

26 ліпеня. Нацыянальная паліцыя аб’яўляе ўзнагароду ў памеры двухсот тысяч грывен за “любую інфармацыю, якая прывядзе да раскрыцця альбо поспеху ў расследаванні” забойства Шарамета.

3 жніўня. У Нацыянальнай паліцыі тлумачаць адсутнасць фотаробатаў злачынцаў тым, што ім “трэба дакладна вызначыць падазраваных”. Facebook-суполка “Кіеў аператыўны” публікуе фота меркаваных забойцаў Шармета.

4 жніўня. Начальнік Дэпартамента крымінальнага вышуку Нацпаліцыі Дзмітрый Галавін заяўляе, што яны шукаюць сведку, які мог бачыць момант закладкі выбухоўкі пад аўтамабіль Шарамета. На сумесным брыфінгу прадстаўнікі Генпракуратуры і паліцыі заяўляюць, што яны ўжо апыталі каля пяцісот сведак і атрымалі запісы са 150 камер відэаназірання. І агучваюць ранейшыя чатыры версіі забойства журналіста, якія адпрацоўваюць следчыя.

9 жніўня. Па інфармацыі журналістаў “Украінскай праўды”, у следчых з’явілася новае відэа, на якім можна бачыць твары падазраваных у забойстве Шарамета “з новага ракурсу”.

10 жніўня. Генпракурор Юрый Луцэнка заяўляе, што следства дабілася прагрэсу ў справе аб забойстве Шарамета, але раскрываць падрабязнасці ён не можа.

11 жніўня. Нацпаліцыя Украіны звяртаецца ў ФБР ЗША па дапамогу па вызначэнні асоб, якія заклалі выбухоўку пад аўто Шарамета.

19 жніўня. “У расследаванні крымінальнай справы па факце забойства Паўла Шарамета значных зрухаў няма”, — заяўляе кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Харція Дэканаідзэ.

29 жніўня. І праз дзесяць дзён нічога не змяняецца. Ранейшыя словы свайго шэфа ў каментарыі Еўрарадыё паўтарае прадстаўнік Нацпаліцыі Украіны Арцём Шаўчэнка: ніякіх навін па справе аб забойстве Шарамета ў следства няма.

“У дадзенай справе больш свежым можа быць толькі раскрыццё гэтага злачынства. На дадзены момант гэтага раскрыцця няма. А дзяліцца працоўнай інфармацый не бачу сэнсу, гэта можа зашкодзіць следству. Праводзіцца вельмі вялікі аб’ём працы, прааналізаваныя вялікія аб’ёмы інфармацыі, дапытаныя сотні людзей і праца працягваецца. На жаль, нічога больш за тое сказаць не магу”, — кажа Арцём Шаўчэнка.

Аналізуючы па просьбе Еўрарадыё ход следства ва Украіне, супрацоўнік беларускіх праваахоўных органаў яшчэ на пяты дзень пасля забойства заўважаў: “Найчасцей сапраўды так бывае, калі здзейсненае злачынства і па гарачых слядах не атрымліваецца яго разблытаць, то можна казаць, што гэта будзе доўгі працэс”.

“Мы ўжо бачым, што следчым складана будзе раскрыць справу… Што тут прагназаваць: за дзевяць дзён ці дванацаць раскрыем… Няма тут ніякіх гарантый. І таму ўсе працуюць”, — адказвае беларускаму калегу Арцём Шаўчэнка.

Цікава, што да гэтага часу ўкраінскія следчыя не распаўсюдзілі фотаробаты меркаваных злачынцаў, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць дастаткова запісаў з камер відэаназірання. Чаму?

Арцём Шаўчэнка: “Паколькі былі ўцечкі, то сэнсу ў гэтых фотаробатах няма: гэтых людзей на відэа было бачна, і знайсці выявы ў адкрытым доступе няма ніякіх праблем. Проста цяпер следства аналізуе ў тым ліку і іншыя файлы, якія дапамогуць ім знайсці гэтых падазраваных”.

На пытанне, ці не разглядалася магчымасць звароту да беларускіх калег, прадстаўнік Нацпаліцыі Украіны заявіў: “Сумняваюся, што гэта магчыма… Тым больш, што пацярпелы быў грамадзянінам Расіі, а не Беларусі”.

 

Відэа: Крым.Реалии, obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі