Што змянілася ў Кіеве за год з пачатку Еўрамайдана (фота)
Рэпартаж Еўрарадыё з тылу антытэрарыстычнай аперацыі пра палітыку, камуфляж на вуліцах, святкаванне гадавіны Еўрамайдана і кошты ў крамах.
“Я ніколі не забуду, як мяне білі ў Марыінскім парку, як я паўтары гадзіны ляжаў на снезе пры марозе -18, як я чакаў 15-гадовага турэмнага тэрміну. Я ніколі не забуду, якімі сіламі мы перамаглі гэтую узурпаваную ўладу”, — вечарам 21 лістапада 2014 года на Майдане Незалежнасці ў Кіеве холадна, зусім няшмат людзей, а пранізлівы вецер зносіць убок словы мала каму вядомых прамоўцаў.
Юбілейнае веча працягваецца з 18 да 22 гадзіны. На яго не прыходзяць ні прэзідэнт Парашэнка, ні прэм’ер Яцанюк. Ніхто дакладна не ведае, чаму. Удзень Парашэнка прыязджаў ускладаць кветкі да месца гібелі “Нябеснай сотні” на Інстытуцкай і быў ў літаральным сэнсе атакаваны сваякамі загінулых. Яны патрабуюць расследавання (пакуль да суда не дайшла ні адна справа аб забойстве дэманстрантаў на Майдане), а атрымалі толькі званні “Герояў Украіны”. Суцяшэнне сімвалічнае.
Побач з юбілейным Майданам стаіць мужык у камуфляжы, спартовых штанах і вайсковых ботах. “Нацыянальныя сцягі, нацыянальныя сцягі! Распродаж па сабекошце! Нацыянальныя сцягі па 35 грывен, распродаж па сабекошце!”, -- хрыпла крычыць ён. Натоўп праходзіць праз мужыка. За 35 грывен у Кіеве можна выпіць куфаль піва, а то і два, калі пашчасціць. 35 грывен у Кіеве цяпер — гэта прыкладна два долары. Год таму столькі ж давалі за чатыры.
А з доларамі ў Ківе цяпер праблема. У абменніках і банках бывае — не дакупіцца. Попыт задавальняюць валютчыкі і форумы ў інтэрнэце. Добра знаёмая беларусам сітуацыя. Кошты ў крамах на вопратку і прадукты пакуль амаль не выраслі. Хіба, крыху за кошт лагістыкі. Паліва, як і долар з еўра, за год падаражэла амаль удвая. Але гэта да часу. “Як толькі распрададуць запасы імпартных тавараў, пра старыя кошты можна будзе забыць. Пакуль што запасаемся, наколькі можам”, — расказваюць знаёмыя кіяўляне.
Яшчэ расказваюць пра асаблівасці ацяплення кватэр ў сезоне 2014-15. І калі ў Кіеве яго, хоць і халаднейшае на некалькі градусаў, уключылі ў сярэдзіне кастрычніка, то ў прысталічных Броварах, напрыклад, толькі да гадавіны Майдана. Як доўга будуць тапіць, пакуль не вядома. Але ў некаторых універсітэтах студэнтам і супрацоўнікам ўжо паведамілі: “Працуем да 30 снежня, а потым канікулы на два месяцы. Грошай на ацяпленне навучальных карпусоў няма”. Вучыцца — не на Майдане стаяць. Без цяпла складана.
У дзень гадавіны пачатку Еўрамайдана па ўсіх цэнтральных каналах збольшага адно — успаміны удзельнікаў падзей, тэматычныя перадачы, інтэрв’ю і нарэзка з трансляцый “Грамадскага тэлебачання”. Нават па тых каналах, якія год таму палівалі дэманстрантаў брудам. А яшчэ гераічныя кадры з зоны АТА. У кавярнях ля Плошчы Незалежнасці, дзе сабраліся ўдзельнікі пратэстаў, размовы іншыя.
“Уяўляеце, нашы хлопцы везлі з Польшчы вайсковае абсталяванне для добаахвотнікаў у зону АТА, а нашы памежнікі ім прапанавалі заплаціць 300 еўра хабару. Хлопцы ім такія: вы што, гэта ж для АТА! Для АТА? Тады 200 еўра. 100 будзе нашым унёскам”, — чую ад новых знаёмых.
Яшчэ чую пра розніцу ў французскіх і украінскіх вайсковых бушлатах (украінскія, як аказалася, нашмат цяплейшыя), збор грошай на патрэбы добраахвотнікаў з фронту і шыкоўны чорны Мерсэдэс, на якім сёння да Майдана пад’ехаў Турчынаў. Апошняе з такімі інтанацыямі, што Турчынаву самы час узгадаць, чым скончыўся Майдан для Януковіча.
Раніцай 22 лістапада ля вуліцы Інстытуцкай набываю свежы нумар тыднёвіка “Український тиждень”. На кідкай аранжавай вокладцы кароткі надпіс “2004 ми пам'ятаємо, 2014 ми не пробачимо”. Зварот да новых уладаў, які за тры дні візіту ў Кіеў чую не раз і не два.
“Ад трэцяга Майдана Парашэнка з Яцанюком пакуль ратуе толькі тое, што большая частка актыўных удзельнікаў мінулага альбо ўжо загінула, альбо змагаецца зараз у зоне АТА”, — расказвае знаёмы журналіст.
Што будзе, калі людзі са зброяй пацягнуцца ў Кіеў, прадбачыць складана. Але яўна нічога добрага. Асабліва для прэзідэнта, урада і Вярхоўнай Рады. Альбо, як яе цяпер часта ў Кіеве называюць, “Вярхоўнай Здрады”. Яе новы склад прыкладна на палову паўтарае склад Рады, якую год таму трымалі ў асадзе дэманстранты. А некаторыя з цяперашніх народных дэпутатаў знаходзяцца ў чорных спісах Еўрасаюза за злачынствы ў дачыненні да ўдзельнікаў Еўрамайдана.
Камуфляжу на вуліцах украінскай сталіцы хапае і без удзельнікаў Антытэрарыстычнай аперацыі. Савецкі, украінскі, натаўскі — якога толькі няма. Самая модная тэма — новая украінская вышыванка. “Ты там асцярожней на Майдане. Бліжэй да поўначы хлопцы могуць пачаць святочна паліць з “калашоў”, — на поўным сур’ёзе перасцерагае сяброўка. Але іду, хачу паслухаць нешта пра ўладу. А чую амаль тое ж, што і год таму.
“Я вам хачу перадаць словы падзякі ад нашых хлопцаў. Яны ўсе ў адзін голас кажуць: каб не падтрымка нашых валанцёраў, яны б там ужо ўсе даўно замерзлі. І загінулі б з голаду. Тая падтрымка, якая была год таму на Майдане — грошы, цёплыя рэчы, дровы — цяпер яна ўся накіраваная на АТО”, — даносіцца ў спіну са сцэны юбілейнага Веча.
Па дарозе ў гатэль, ля Бесарабскага рынку на вуліцы Басейнай бачу вялізны корак. Міліцыянты з паласатымі кійкамі трымаюць сотні машын, каб прапусціць доўгі картэж вялікіх чорных джыпаў з украінскімі і амерыканскімі сцягамі. З Кіева з’язджае віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Узгадваю, што прыкладна год таму амаль на гэтым жа месцы таксама бачыў корак і ўрадавы картэж. Толькі што сцяжкі на машынах тады былі расійскімі.