Што змянілася ў новым законе “Аб СМІ” і як яго каментуюць інтэрнэт-рэсурсы

17 снежня Мініфармацыі ўносіць на разгляд ў Палату прадстаўнікоў папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. У прыватнасці, інтэрнэт-сайты прыраўнялі да СМІ, цяпер яны трапляюць пад закон аб сродках масавай інфармацыі. "За" прагаласавалі 103 дэпутаты. З дакладам выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

"Законапраект распаўсюджвае дзеянне закона аб СМІ на інфармацыйныя рэсурсы і іх часткі, размешчаныя ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, праз якія ажыццяўляецца распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі".

Папраўкі прынялі адразу ў двух чытаннях за адзін падыход

Дэпутаты прынялі папраўкі адразу ў двух чытаннях. Такая паспешнасць вельмі здзіўляе, бо другое чытанне акурат існуе для таго, каб быў час абмеркаваць праект і ўнесці прапановы.

Сайт tut.by — адзін з буйных інтэрнэт-рэсурсаў краіны, дзе публікуюцца навіны і іншыя інфармацыйныя матэрыялы. Яго заснавальнік Юрый Зісер у каментары Еўрарадыё кажа, што нават на ўзроўні чутак інфармацыя пра падрыхтоўку такіх зменаў не даходзіла да іх.

Зісер: "Гэта лішні раз даказвае, што баяліся рэакцыі грамадства, а значыць, разумелі, што нешта робяць не так. Вельмі здзіўляе паспешнасць і таемнасць падрыхтоўкі і прыняцця, адсутнасць грамадскага абмеркавання. Тое, што яго зацвердзілі ў Беларускім саюзе журналістаў, я думаю, калі б гэта сапраўды там абмяркоўвалася, то прасачылася б хоць нейкая інфармацыя. Калі рыхтуюць закон у таямніцы, гэта дзіўна. Нібыта, аперацыя супраць ворагаў, але закон рэгулюе не ворагаў, а айчынныя медыі".

У інтэрнэце нельга кантраляваць усё. Новы закон ставіць замежныя СМІ ў лепшыя ўмовы.

Зісер: "Цяпер яны павінныя не толькі выконваць законы, tut.by іх і так выконвае, а старацца дагадзіць чыноўнікам усіх узроўняў. Калі некаму нешта не спадабаецца, то могуць закрыць. Мне падаецца, што замежныя медыі больш небяспечныя. Чым мацнейшыя айчынныя СМІ, тым лепш для краіны".

Забараніць доступ да сайта могуць за 2 пісьмовыя папярэджанні

Мініфарм плануе ўводзіць абмежаванні на распаўсюд інтэрнэт-СМІ, калі за год вынесена два і больш пісьмовых папярэджанняў. Таксама абмежаванне ўводзіцца за распаўсюд інфармацыі, забароненай законам ці судом, невыкананне патрабаванняў аб выпраўленні парушэнняў закона аб СМІ. Парадак абмежавання доступу будзе дадаткова распрацаваны рэгулятарам інтэрнэту разам з Мінсувязі. Імаверна, да сайтаў, якія атрымаюць папярэджанні, будзе абмяжоўвацца доступ на тэрыторыі Беларусі.

Па новым законе забараніць могуць нават сайт New York Times

Атрымліваецца, што па новым законе “Аб СМІ” ў Беларусі можна закрыць нават сайт New York Times.

Ананіч: "Дзеянне закона “Аб СМІ” распаўсюджваецца на ўсе СМІ, даступныя на тэрыторыі краіны. Фактычна, сёння любы СМІ, што распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі — расійскі, казахстанскі ці ўкраінскі, — не павінен парушаць дзейнае заканадаўства. Таму закон будзе распаўсюджвацца на ўсё, што даступнае на нашай тэрыторыі".

Якія яшчэ змены ўнеслі ў закон аб СМІ?

Абвяржэнне інфармацыі ў інтэрнэце цяпер мусіць рабіцца на тым жа рэсурсе, дзе была апублікаваная непраўдзівая інфармацыя, не пазней чым праз адзін дзень пасля патрабавання абвяржэння. Пры гэтым матэрыял, які абвяргаюць, мусіць быць выдалены. Папраўкі таксама забараняюць дзейнасць СМІ, якімі больш чым на 20 працэнтаў валодае замежнік ці замежная краіна або юрыдычная асоба.

Уводзіцца рэгуляванне распаўсюднікаў СМІ, а гэта значыць, што без ўнясення ў спіс дзяржаўных распаўсюднікаў такой дзейнасцю займацца нельга.

Фота: allday.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі