Штрафны ўдар беларуса трапіў у падборку, якую паглядзела 10 млн чалавек
Гол-прыгажун, які Арцём Канцавы забіў за МТЗ-РІПА ў 2008 годзе, трапіў у падборку штрафных удараў і пенальці, складзеную на Youtube-канале Saspens. За няпоўны год гэты топ паглядзела 10 млн чалавек!
Нават шкада, што хлопец, які агучвае ролік, не ведае, як правільна вымаўляецца назва "МТЗ-РІПА", і робіць націск на "і":
Матч, у якім забіў Арцём Канцавы, праходзіў 12 кастрычніка 2008 года. Мінскі клуб тады быў у статусе ўладальніка Кубка Беларусі, а "Смаргонь" (няхай ніхто не крыўдуе!) у статусе аўтсайдара. У выніку МТЗ-РІПА атрымаў перамогу з лікам 4:0. Гол Канцавога (яму асіставаў Дзяніс Сашчэка) быў першым у гульні.
У той час МТЗ-РІПА быў адным з топавых клубаў Беларусі. Акрамя Канцавога, за "трактарыстаў" гулялі Вячаслаў Глеб, Алег Страхановіч, Максім Бардачоў.
Але ў 2009 годзе клуб сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі і быў вымушаны развітацца з лепшымі гульцамі. У 2010 годзе каманда змяніла назву на "Партызан", а яе фінансаванне ўзялі на сябе заўзятары. Але гэта не ўратавала "чырвона-белых" ад вылета спачатку ў першую, а пасля і ў другую лігу.
У 2014 годзе "Партызан" быў расфарміраваны праз адсутнасць фінансавання. А аўтар феерычнага гола Арцём Канцавы зараз абараняе колеры гродзенскага "Нёмана".