Шуневіч перадаў юным хакеістам форму, якую пашылі ў жаночай калоніі (фота)
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч перадаў юным хакеістам з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Дынама” 50 камплектаў формы, якую пашылі ў жаночай калоніі ў Гомелі. Ён упэўнены, што яна не саступае брэндавым аналагам, а па кошце таннейшая на 40%. Цяпер навучэнцы школы на працягу 1-2 месяцаў будуць “выпрабоўваць” форму. Калі з’явяцца прапановы, іх улічаць, пасля чаго пачнецца масавая вытворчасць.
Шуневіч нагадаў, што гэта было даручэнне кіраўніка дзяржавы і яго выканалі. “Калі ацэнка будзе станоўчая, мы гатовыя забяспечыць формай усіх зацікаўленых”, — цытуе словы міністра БЕЛТА. Ігар Шуневіч адзначыў, што МУС па сілах забяспечыць айчынны дзіцяча-юнацкі хакей таннай і якаснай формай. Больш таго, яго ведамства гатовае забяспечыць формай і юных футбалістаў. “Гэта наступны этап, які мы хочам разгледзіць у бліжэйшай будучыні”, — сказаў Шуневіч.