Швачкі, святары, салдаты і студэнты. Хто адправіў Саргсяна ў адстаўку?
Па матэрыялах JAMnews і "Каўказскага вузла" / Фота: Ліліян Галсцяна, JAMnews
Прэм'ер-міністр Арменіі Серж Саргсян сышоў у адстаўку. У заяве, апублікаванай на сайце ўрада, сказана, што ён прымае такое рашэнне з-за вулічных акцый пратэсту. Саргсян афіцыйна прызнаў, што ён памыліўся, і раз насельніцтва Арменіі супраць яго праўлення, ён павінен сысці ў адстаўку.
На вуліцах Ерэвана — радасць
На 11 дзень рух за адстаўку Сагрсяна ахапіў усю Арменію. Сапраўды масавымі пратэсты сталі 23 красавіка — пасля таго, як паліцыя арыштавала лідара маніфестантаў апазіцыянера Нікола Пашыняна і некалькі яго паплечнікаў. Адбылося гэта пасля сустрэчы Пашыняна з прэм'ер-міністрам Сержам Саргсянам — гэтая сустрэча доўжылася менш за пяць хвілін і ўзаемаразумення бакам не прынесла.
Саргсян сказаў, што рады дыялогу, нягледзячы на тое, што не разумее, "як можна весці перамовы ў прысутнасці дзясяткаў журналістаў". Пашынян адказаў прэм'еру, што на дыялог той разлічвае дарэмна, таму што апазіцыя прад'яўляе яму ўльтыматум і патрабуе неадкладнай адстаўкі. На гэтым, увогуле, бакі разыйшліся, а пазней у гэты ж дзень Пашыняна арыштавалі.
Арышты, падобна, адкрылі другое дыханне у прысутных. Ужо пачалі страйк студэнты ВНУ ў Ерэване, піша "Каўказскі вузел", а таксама ў другім па велічыні горадзе краіны — Гюмры.
Стала вядома аб шматтысячным маршы супрацоўніц швейнай фабрыкі ў Ванадзоры, да якіх далучыліся святары. У марш пратэсту ў Ерэване (тут ён, па зразумелых прычынах, быў самым шматлікім) уліліся вайскоўцы.
UPDATE: Peacekeeping forces of the Min. of Defence have joined protestors in Yerevan. Sources put demonstrations at 100-150,000. Opposition leader Nikol Pashinyan released earlier today, in addition to to two other MPs. pic.twitter.com/EbA0G50lwf
— JAMnews (@JAMnewsCaucasus) 23 апреля 2018 г.
Журналісты распазналі ў іх прадстаўнікоў міратворчай брыгады Узброеных сіл Арменіі. Рэакцыя міністэрства абароны Арменіі апынулася на здзіўленне мяккай — у ім гаварылася, што міністэрства "строга асуджае" ўдзел вайскоўцаў у маніфестацыях (крыху раней улада пагражала, што ў такіх выпадках закон дазваляе вывесці на вуліцы войска, што, магчыма, і давядзецца зрабіць).