Сінгл “Воздушный шар” і прэв'ю новага альбома ад “Фляус і Кляйн” (слухаць)
Гурт “Фляус і Кляйн” прадстаўляе на Еўрарадыё сінгл “Воздушный шар” і прэв'ю новага, пакуль безназоўнага альбома гурта.
Апошні выступ “Фляусаў” датуецца 2012 годам. Дагэтуль каманда, якая ў 2007 годзе выйграла конкурс на фестывалі “Басовішча”, спрабавала знайсці сваё месца ў расійскім і ўкраінскім шоў-бізе, жыла ў Маскве ў Кіеве. Аднак ў нейкі момант адсутнасць “здаровага” менеджменту зрабіла сваю справу і музыкі замарозілі праект.
“Альбом мы пачалі пісаць у верасні 2008 года ў Маскве. Арандавалі студыю на сем дзён, запісалі рытм-секцыю і гітары, выкарыстоўвалі безліч розных гітар і ўзмацняльнікаў. Для мяне гэта было свята", — узгадвае басіст гурта Аляксандр Верны.
У 2010 годзе запіс альбома працягнуўся ўжо ў Кіеве. Звядзеннем кружэлкі займаўся ўкраінскі саўнд-прадзюсар Ігар Грамадскі. У выніку, у 2011 годзе былі гатовыя дзесяць трэкаў, напісаных ў 2004-2005 гадах. Праўда, фронтмэн Сяргей Валодчанка і Аляксанр Верны на гэтым не супакоіліся, і вырашылі, што для LP неабходныя яшчэ некалькі трэкаў. Праца над пласцінкай была завершаная літаральна ў снежні 2015-га: загалоўны трэк “Таю” музыкі адправілі знакамітаму расійскаму саўнд-прадзюсару Анрэю Аклярынскаму, вядомаму па працы з Tequilla Jazz, “Слин” і “Ю-Питер”.
“Мы вырашылі ўсё ж выпусціць гэты шматпакутны альбом, падарыць яго на Каляды нашым сябрам і ўсім, каму цікавая наша творчасць. Не ведаю, ці будзе рэюніян, але матэрыял новы мы маем. У любым выпадку, мы вельмі рады, што гэты этап скончаны, — рэзюмуе Верны. — Альбом складаюць дванаццаць трэкаў, дванаццаць паўнавартасных гісторый, вытрыманых у стылі добрых песень пра перажыванне жыццёвага шляху”.
Цалкам альбом будзе прэзентаваны на сайце Еўрарадыё напярэдадні Калядаў 24 снежня.