СК распавёў, чаму цяжка адсачыць “мінёраў” праз электронную пошту

СК распавёў, чаму цяжка адсачыць “мінёраў” праз электронную пошту

У Беларусі працягваюць паступаць паведамленні аб мініраванні: раніцай па электроннай пошце прыйшло паведамленне пра выбухоўку ў пяці мінскіх гатэлях, Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", сталічнага і абласных чыгуначных вакзалаў. Удзень — у мінскіх гандлёвых цэнтрах “Галерэя”, “Галілеа”, “Дана Мол”, “Сталіца”, бізнес-цэнтры “Рубін Плаза”. 

Раніцай 19 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што ад пачатку года ў Беларусі заведзеныя 35 крымінальных спраў за заведама непраўдзівыя паведамленні пра небяспеку. Падчас расследавання былі выяўлены 14 асоб, датычных да падобных паведамленняў.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова расказвае, што аўтараў паведамленняў, дасланых праз электронную пошту, адсачыць цяжка, бо часцей за ўсё яны карыстаюцца замежнымі IP-адрасамі. 

“Ёсць выпадкі, калі асобы ўстанаўліваліся, нават сярод тых, хто дасылаў паведамленні праз электронную пошту. Адзін такі выпадак я дакладна ведаю, але гэта не датычыцца спраў аб масавых “мініраваннях”".

З аб’ектаў, “замініраваных” у першай палове 19 жніўня, было эвакуявана больш за 2000 чалавек. Выбуховых прыстасаванняў нідзе не было выяўлена. 

“Гэта актуальная рэальнасць сучаснай правапрымяняльнай практыкі. І яна актуальная не толькі для Беларусі, але і для суседніх краін: там адбываюцца такія ж працэсы. На гэтую праблему трэба глядзець не як на з’яву выключна ў Беларусі, але ўвогуле ў свеце”.

Хваля масавых “мініраванняў” на мінулым тыдні прайшлася па Украіне: паведамленні пра мініраванне розных аб’ектаў, у тым ліку гандлёвых цэнтраў, былі ў Кіеве, Адэсе і Харкаве.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі