За мабільны Ганчарова даюць ужо больш за 3 тысячы долараў

За мабільны Ганчарова даюць ужо больш за 3 тысячы долараў

Алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце, беларус Уладзіслаў Ганчароў прадае свой смартфон на дабрачынным інтэрнэт-аўкцыёне.  Гэты лот быў размешчаны на сайце kufar.by у чацвер раніцай і крыху болей чым за двое сутак цана на яго ўзрасла да 6 200 новых рублёў (62 мільёны недэнамінаваных).

Акцыя будзе дзейнічаць да 17.00 24 жніўня.

Уладзіслаў Ганчароў тлумачыць, што атрыманыя грошы пойдуць у яго родную віцебскую СДЮШАР №1 — альма-матэр многіх беларускіх батуцістаў.  Пры гэтым у смартфоне будзе незвычайнае начынне: асабістыя фотаздымкі з алімпійскага Рыа, а таксама асабісты кантакт чэмпіёна ў адраснай кнізе, па якіх будучы пакупнік заўсёды зможа з ім звязацца.

Каб прапанаваць сваю цану за смартфон, трэба пакінуць прыватнае паведамленне на Куфары. У залежнасці ад паступлення прапановаў цана будзе мяняцца.

Уладзіслаў Ганчароў не ведае, якую суму атрымае з гэтага аўкцыёну. Але спадзяецца, што грошы дапамогуць выхаванцам яго школы выехаць на замежныя зборы. “Лічу, вялікая праблема нашага спорту — тое, што юныя спартсмены не так часта маюць магчымасць паспаборнічаць са сваімі замежнымі аднагодкамі. Але ж гэта так патрэбна і цікава”, — піша ўладальнік алімпійскага золата.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі