СМІ: Беларусь перакрыла транзіт у Расію электронікі з Калінінграда
Пра гэта ў панядзелак заявілі вытворцы прадукцыі.
Мытныя органы Беларусі перакрылі транзіт у Расію электронікі з Калінінградскай вобласці. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на дырэктара па маркетынгу расійскага холдынга GS Group Андрэя Бязрукава і гендырэктара завода электронікі "Тэлебалт" Віктара Барысенку. Згаданыя кампаніі вырабляюць прадукцыю ў Калінінградскай вобласці і дастаўляюць яе ў Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя расійскія гарады аўтамабільнымі перавозкамі праз Беларусь.
"Мытныя органы Беларусі закрылі транзіт праз краіну прадукцыі кампаніі GS Group. У цэлым закрыты транзіт для ўсёй электронікі, вырабленай у Калінінградзкай вобласці, пад забарону трапіла ў тым ліку і наша прадукцыя. Кіраўніцтва кампаніі не атрымлівала ніякіх апавяшчэнняў ад прадстаўнікоў мытнай службы Беларусі, машыны проста перасталі пускаць праз мяжу, ніякіх прычын адмовы ў пропуску не называлася", — заявіў ТАСС Андрэй Бязрукаў.
Паводле яго слоў, на дадзены момант GS Group рыхтуе афіцыйны запыт у беларускую мытню.
"Фармальна мытныя органы могуць спыніць груз на праверку, але фактычна за ўвесь час праходжання грузаў праз мытню ніводнага такога выпадку не было. Дзеянні мытных органаў Беларусі і не павінны быць звязаныя з выплатай мытных збораў — мы з свайго боку зборы плацім ва ўстаноўленым законам парадку", — сказаў Бязрукаў.
Віктар Барысенка адзначыў, што машыны былі затрыманыя яшчэ з 3 снежня на літоўска-беларускай мяжы, на Ашмянскай мытні. "Яны ўжо размешчаныя на складзе часовага захоўвання, мы вымушаныя плаціць за захоўванне нашага тавару. Зараз на мяжы стаяць 6 машын на агульную суму тавару ў 45 мільёнаў расійскіх рублёў", — сказаў гендырэктар завода электронікі "Тэлебалт".
Фота — itar-tass.com