СМІ: Белы Дом цікавіўся ў разведкі "ўварваннем" Польшчы ў Беларусь
Дарадцы амерыканскага прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы цікавіліся ў спецслужбаў, як наладзіць адносіны з Расіяй, і пыталіся пра "ўварванне" Польшчы ў Беларусь. Пра гэта інфармуе ТСН са спасылкай на The Associated Press.
У публікацыі амерыканскага інфармагенцтва гэты запыт называецца дзіўным і адзначаецца, што ніякіх доказаў такога ўварвання няма. "Польшча з'яўляецца краінай, дзе заклапочаныя добразычлівым тонам Трампа адносна РФ", — падкрэсліваюць амерыканскія журналісты.
Былы аналітык разведкі і афіцэр контрразведкі Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Шындлер у сваім каментары адзначыў, што Польшча — верны саюзнік NATO. На яго думку, уварванне Польшчы ў Беларусь існуе толькі ў "хворым уяўленні Крамля".
У сваю чаргу, амерыканскі журналіст Дэйн Тайнен мяркуе, што такі запыт можа працаваць на "стварэнне глебы для апраўдання пуцінскай палітыкі экспансіі — для "абароны" Беларусі".