СМІ: Кіраўніка "ДНР" Захарчанку паранілі ў Дэбальцава
Ён атрымаў раненне ў баю з украінскімі вайскоўцамі, якія трымаюць кругавую абарону ў гэтым горадзе ў Данецкай вобласці.
17 лютага ў Дэбальцава ідуць вулічныя баі паміж украінскімі сілавікамі і прарасійскімі баевікамі. У баю "падчас зачысткі горада" атрымаў раненне ў нагу кіраўнік самаабвешчанай "ДНР" Аляксандр Захарчанка. Як інфармуе тэлеканал LifeNews, адбылося гэта на адной з цэнтральных вуліц, якую ён перабягаў. У гэты момант вуліца інтэнсіўна абстрэльвалася са стралковай зброі.
Адзначаецца, што першую дапамогу Захарчанку аказала ахова, пасля яго адвезлі ў шпіталь, а адтуль — у Алчэўск. Ён, нібыта, адчувае сябе "выдатна".
РІА "Новости" адзначае, што міністэрства абароны "ДНР" не мае інфармацыі пра раненне Аляксандра Захарчанкі, але пацвярджае, што ён знаходзіцца "на фронце".
Нагадаем, нядаўна ў Захарчанку ў горадзе Вуглягорску страляў снайпер (гл. відэа). У момант, калі лідар "ДНР" у эфіры аднаго з расійскіх тэлеканалаў прапаноўваў украінскім вайскоўцам здацца, за яго спіной куля патрапіла ў аднаго з ахоўнікаў.
Фота: АР