Расія скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь
Замест 4,5 млн тон нафты ў першым квартале 2017 года Расія плануе паставіць у Беларусь толькі 4 млн тон. Як піша расійскае выданне "Коммерсант", прычына — нявырашаная дагэтуль спрэчка па аплаце расійскага газу.
Да канца 2016 года Мінск і Масква так і не змаглі вырашыць пытанне па аплаце пастаўленага летась расійскага газу. Ад пачатку 2016 года Беларусь плаціла за пастаўкі не па кантрактным кошце, а па тым, які палічыла справядлівым. У выніку на канец лістапада, па падліках расійскага боку, запазычанасць склала каля 425 млн долараў.
У адказ на гэта Расія скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну — з абяцаных 5,3 млн т у квартал спярша да 3,5 млн т, а ў кастрычніку-снежні — да 3 млн т.
Меркавалася, што спрэчка будзе вырашаная да канца года. Бакі дамовіліся, што ў першым квартале 2017-га пастаўкі нафты вырастуць да 4,5 млн тон. Расія пагаджалася субсідаваць Беларусь за кошт залічэння мытных пошлінаў на нафту ў беларускі бюджэт. За гэта беларускія ўлады мусілі цалкам выплаціць запазычанасць. Аднак афіцыйны Мінск, як піша "Коммерсант", стаў прасіць дадатковыя саступкі ў выглядзе крэдыту — у выніку дамовіцца не ўдалося.
Нагадаем, што з 1 лютага Беларусь уздыме тарыфы на транзіт расійскай нафты па сваёй тэрыторыі.