СМІ: З польскага войска звольніліся 26 генералаў і 260 афіцэраў
Міністр абароны Польшчы забараніў камандзірам польскага войска непасрэдна кантактаваць з прэзідэнтам краіны. Польскія СМІ звязваюць рашэнне Антонія Мацярэвіча са спробай абмежаваць Анджэя Дуду ад кантактаў з вайскоўцамі.
Як піша wyborcza.pl, восенню 2016-га вусным загадам міністр абароны Польшчы забараніў кантактаваць з прэзідэнтам кіраўніку штабу, агульным і аператыўным камандзірам узбройных сілаў з дзвюх прычынаў: “Па-першае, прэзідэнт пра сітуацыю ў арміі мусіць ведаць як мага менш, каб не мець уплыў на некаторыя прызначэнні, а таксама, каб не трымаць справаздачу перад асабістым складам пра тое, як будзе выглядаць новая праграма тэхнічнай мадэрнізацыі арміі. А па-другое, гэта спроба міністра абароны кантраляваць рашэнні прэзідэнта Дуды ў кадравых пытаннях па высокіх прызначэннях”.
Паводле выдання The Telegraph за 16 месяцаў армію Польшчы ў знак пратэсту супраць палітыкі кіруючай партыі пакінула 26 генералаў і 260 афіцэраў.
Аднак урад Польшчы адмаўляе абвінавачванні ў палітычным умяшчальніцтве ў функцыянаванне арміі, аргументуючы страту старэйшых афіцэраў натуральным працэсам, звязаным з выхадам на пенсію альбо рэарганізацыяй каманднага складу польскага войска.