Снапкоў: Мы слухаем замежных экспертаў, але “Васька слухае, ды есць”

120413 Nasta Snopkov.mp3

Еўрарадыё задало пытанні міністру эканомікі Мікалаю Снапкову на прамой тэлефоннай лініі.


Еўрарадыё: Ці ёсць цяпер у Міністэрства эканомікі канкрэтная антыкрызісная праграма — план па выйсці з крызісу? Ці прапісаныя канкрэтныя крокі?


Мікалай Снапкоў: Канешне, у нас ёсць канкрэтны план і канкрэтныя захады. І не толькі ў Міністэрства эканомікі — гэта пастанова ўрада, шэраг мерапрыемстваў ва ўсіх сферах, якія неабходныя для дасягнення збалансавання.


Еўрарадыё: Але гэтую праграму распрацавалі яшчэ да крызісу, на Народным сходзе. Як можна ёй карыстацца, калі цяпер ужо іншыя ўмовы?


Мікалай Снапкоў: Не прэтэндуючы на тое, што мы былі прарокамі… магу сказаць, што там абазначаныя і дастаткова сур’ёзна пралічаны тыя асноўныя падыходы, якія застаюцца актуальнымі і сёння! Я б сказаў, што гэта праграма набыла актуальнасць яшчэ ў большай ступені.


Хіба не актуальныя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, хіба не актуальнае развіццё ініцыятывы і прадпрымальніцтва? Хіба не актуальны чалавечы капітал? Усё, што абазначана ў праграме, актуальна і сёння! Хіба не актуальна павелічэнне накіравання сродкаў з бюджэту на навуку і інавацыйныя распрацоўкі? Мне падаецца, што гэтая праграма і на дадзены момант мае актуальнасць.


Мы ў нашай краіне пачалі гаварыць пра стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў яшчэ ў 2010 годзе. Я не кажу, што нас цытавалі… Але, калі памятаеце, у 2011 годзе гэтую тэму падымалі і спадар Абама, і спадарыня Меркель.


Еўрарадыё: Вы кажаце такія рэчы, якія ў прынцыпе застаюцца актуальнымі для эканомікі ўвесь час. Але ва ўмовах крызісу, магчыма, трэба прымаць нейкія выключныя захады?


Мікалай Снапкоў: Мы іх прынялі! Мы сціснулі ўнутраны попыт, і працягваем яго сціскаць. Мы спынілі эмісію і не ажыццяўляем яе. Таксама мы ажыццяўляем жорсткую крэдытна-грашовую палітыку. Так, 2011 год унёс нейкія карэктыроўкі, але мне падаецца, што мы дастаткова добра выйшлі з гэтай няпростай сітуацыі.


Еўрарадыё: А як вы ставіцеся да практыкі прыцягвання замежных антыкрызісных менеджараў, каб яны паглядзелі на краіну і прапанавалі нейкія свае захады па выйсці з крызісу? А то ў нас хто прывёў краіну да крызісу, той і выводзіць…


Мікалай Снапкоў: Вельмі складанае і я б нават сказаў — філасофскае пытанне. Канешне, мы слухаем замежных экспертаў. Мы ўвесь час супрацоўнічаем і з Сусветным банкам, і з МВФ, і з антыкрызісным фондам Еўразійскага банка. Гэта ўсё і ёсць замежныя эксперты.


Але ёсць адзін нюанс. Ведаеце, ёсць прымаўка “Васька слухае, ды есць”. Ніхто не ведае нашу краіну і яе ментальнасць лепш за нас! Такім чынам, слухаючы і аналізуючы, рашэнне неабходна прымаць самім. Ніхто, нават самы вялікі, не прыедзе і не зробіць нам правільна, так, як трэба… Няхай нават за вельмі вялікія грошы. Таму мы сапраўды слухаем, але рашэнне прымаем самі.


Еўрарадыё: Ці шмат беларусаў у крызіс з’ехалі працаваць за мяжу? І як гэта паўплывала на нашу эканоміку?


Мікалай Снапкоў: Адток і прыток кадраў ёсць заўсёды. Хутчэй за ўсё, зніжэнне доларавага эквівалента заработнай платы паўплывала нейкім чынам на павелічэнне адтоку. Але я не думаю, што гэта крытычна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі