"Спачатку трэба ўкраінцаў набраць": польскі ўніверсітэт адмовіў беларусу

Малады чалавек лічыць, што ў паступленні яму адмовілі праз тое, што ён беларус / unsplash.com
Малады чалавек лічыць, што ў паступленні яму адмовілі праз тое, што ён беларус / unsplash.com

Хлопцу з Беларусі адмовілі ў паступленні ў прыватную польскую ВНУ — Акадэмію Леона Казьмінскага ў Варшаве. Прычынай стаў нібыта недастатковы ўзровень валодання польскай мовай. Андрэй (імя змененае) лічыць, што рэч у таемных прывілеях для абітурыентаў-украінцаў, якіх, на яго думку, цяпер бяруць ва ўніверсітэт у першую чаргу.

— Сёлета да беларусаў ставяцца нашмат больш жорстка, калі параўноўваць з леташнім наборам у гэты ж універсітэт і ўзроўнем мовы тых, хто паступаў летась, — расказвае Еўрарадыё Андрэй. — Прычына, хутчэй за ўсё, у тым, што трэба спачатку ўкраінцаў набраць у якасці дапамогі дзяржаве, вылучыць месцы. Адкрытай адмовы, маўляў, "прабачце, у вас беларускі пашпарт", мне, вядома ж, не далі.

Я меў зносіны з украінцам, у якога ўзровень валодання польскай, магчыма, нават горшы, чым у мяне. У яго ўсё прайшло добра, яго ўзялі. І я не адзін такі. Разам са мной [у Акадэмію Леона Казьмінскага] паступалі тры мае знаёмыя беларусы, і ўсім было адмоўлена. А да гэтага ў Казьмінскага паступалі і з горшым веданнем мовы.

“Сначала нужно украинцев набрать”: польский университет отказал белорусу
Акадэмія Леона Казьмінскага ў Варшаве / Adrian Grycuk

Тым, хто не прайшоў сумоўе з першага разу, камісія прапануе паспрабаваць зноў, але ўжо ў пачатку навучальнага года. Па словах Андрэя, чакаць першага верасня не варта, бо да таго часу з вялікай імавернасцю ўсе месцы ўжо будуць занятыя. Або застанецца некалькі пазіцый, на якія будзе высокі конкурс. Лепш за ўсё не губляць час і накіраваць дакументы ў іншы ўніверсітэт.

— Я падаў дакументы ў іншую ВНУ, у варшаўскі Універсітэт Лазарскага, — кажа хлопец. — Хутка будзе сумоўе. Я ўпэўнены, што паступлю, таму што з веданнем мовы ў мяне ўсё нармальна. Туды паступіў мой сябар, а ён ведае мову значна горш за мяне.

Андрэй не памыліўся. Крыху пазней ён паведамляе нам, што прайшоў сумоўе і залічаны ў Вышэйшую школу гандлю і права імя Рышарда Лазарскага. За навучанне пакуль што плаціць не спяшаецца, бо не выключае, што ёсць шанец быць прынятым у Акадэмію Казьмінскага, якая мае крыху большы рэйтынг.

Пытаемся ў маладога чалавека: чаму вырашыў паступаць у польскую, а не беларускую ВНУ?

— А куды яшчэ? Вырашыў як і большасць разважных людзей. Маю адносна сярэдні дастатак і магчымасць для адукацыі. Да таго ж гэта блізка, дый мова, культура — усё падобнае, — адказвае ўжо студэнт варшаўскага Універсітэта Лазарскага.

“Сначала нужно украинцев набрать”: польский университет отказал белорусу
Вышэйшая школа гандлю і права імя Рышарда Лазарскага / studyinpoland.info

Умовы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы для замежнікаў дагэтуль былі вельмі лаяльныя. Замежнаму абітурыенту, у адрозненне ад палякаў, не трэба здаваць "матуру" — выпрабаванні, аналагічныя беларускаму ЦТ. Напрыклад, ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў 2021 годзе беларусы склалі самую вялікую групу сярод замежных студэнтаў — 449 чалавек.

— Мы занепакоеныя вынікамі набору ва ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча. Колькасць прынятых замежнікаў у параўнанні з польскімі студэнтамі надзвычай вялікая, што абмяжоўвае магчымасці нашых суайчыннікаў паступіць ва ўніверсітэт. Выпускнікі сярэдніх школ, якія хацелі атрымаць адукацыю ва ўніверсітэце, былі пазбаўленыя месцаў замежнікамі, — так пра сітуацыю выказваецца прадстаўнік польскай моладзевай арганізацыі Młodzież Wszechpolska.

Паводле інфармацыі рэсурсу studyforyou.info, каб замежніку паступіць у Казьмінскага на польскамоўную спецыяльнасць, трэба мець пацверджаны сертыфікатам узровень польскай мовы В2 або здаць сумоўе з прыёмнай камісіяй. Навучанне ў Акадэміі Леона Казьмінскага платнае, каля 2500 еўра ў год.

Ва Універсітэце Лазарскага вучыцца танней — каля 2050 Еўра. Для паступлення неабходна ведаць польскую на ўзроўні В1 — гэта крыху ніжэй, чым у Казьмінскага, — або прайсці сумоўе. Аднак камісія можа залічыць абітурыента без неабходнага моўнага ўзроўню пры ўмове, што ён абавязкова пройдзе дадатковы платны моўны курс да пачатку або ў часе навучання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі