Спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў зноў пашырыўся — у яго трапілі і праваабаронцы
У спісе "экстрэмісцкіх рэсурсаў" ужо сотні адрасоў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Экстрэмісцкімі прызнаныя матэрыялы, размешчаныя на сайце і ў сацсетках "Гродзенскай вясны" — гэта рэгіянальнае аддзяленне праваабарончага цэнтра "Вясна", які быў пазбаўлены рэгістрацыі.
Рашэнне аб прызнанні экстрэмісцкімі паведамленняў "Гродзенскай вясны" прыняў Ленінскі суд Гродна. Пасяджэнне адбылося 5 лістапада, паведамляе "Медиазона. Беларусь".
Акрамя таго, у Мінску да экстрэмісцкіх аднесеныя некалькі Telegram-каналаў. У прыватнасці, экстрэмісцкімі прызнаныя матэрыялы, размешчаныя ў каналах "Партизанский 97%" і "МГЛУ за Свободу", пра гэта паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры Беларусі.
З 18 лютага 2021-га ўлады Беларусі пачалі рэгулярна прызнаваць экстрэмісцкімі разнастайныя тэлеграм-каналы і чаты. Цяпер у забароненым спісе ўжо некалькі сотняў адрасоў. Раней у ГУБАЗ казалі, што "захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама Telegram-падпіска на каналы і чаты, прызнаныя экстрэмісцкімі, цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць", але адвакаты настойваюць, што прыцягненне да адказнасці ў дадзеным выпадку незаконнае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.