Справа Усхопава: кароткая храналогія і нестыкоўкі

Дзмітрый Усхопаў / фота з акаўнта "УКантакце" загінулага
Дзмітрый Усхопаў / фота з акаўнта "УКантакце" загінулага

Жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава затрымалі за гадзіну да Новага года. 27-гадовы мужчына разам з таварышам стаяў на прыпынку грамадскага транспарту. Паводле версіі сілавікоў, ён "паводзіў сябе неадэкватна, чапляўся да людзей і правакаваў канфлікты, на заўвагі супрацоўнікаў праваахоўных органаў рэагаваў агрэсіўна". Для затрымання Дзмітрыя міліцыянеры ўжылі сілу і даставілі яго ў РАУС, адтуль прыкладна праз паўтары гадзіны яго экстранна павезлі ў прыёмнае аддзяленне Рэчыцкай райбальніцы. Нягледзячы на рэанімацыйныя мерапрыемствы, праведзеныя медыкамі, мужчына памёр.
 

Версіі бакоў

На фота цела загінулага відаць сляды ад кайданкоў і "сінякі", па колеры падобныя да трупных плям. Акрамя таго, над брывом Усхопава ёсць рана, якой не відаць на відэа яго затрымання. Сваякі Усхопава лічаць, што мужчына быў моцна збіты ў РАУС, што ў далейшым магло пацягнуць яго смерць.

У той жа час Следчы камітэт заяўляе, што, "паводле папярэдніх высноў экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару". Паводле версіі СК, канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві ў Дзмітрыя склала 4,3 праміле. Сілавікі таксама ківаюць на тое, што нібыта ва Усхопава з сабой быў пакецік з марыхуанай, а ў тэлефоне ў яго выявілі перапіску з наркашопам. Успомнілі загінуламу і тое, што ён быў "фігурантам крымінальнай справы" і прыцягваўся да "адміністрацыйкі".

Дело Усхопова: краткая хронология и нестыковки
Дзмітрый Усхопаў / фота з акаўнта "УКантакце" загінулага

Што думае грамадства

Праўладныя прапагандысцкія каналы назвалі гібель Усхопава "смерцю п'яніцы, наркамана, дэбашыра". Жоўтыя рэсурсы спяшаюцца ачарніць вобраз загінулага, напіраючы пры гэтым на нібыта ўжыванне Дзмітрыем наркотыкаў і алкаголю.

Іншыя каментатары ў сацсетках паказваюць на шэраг дзіўнасцяў у гэтай справе. Першае — гэта "сінякі", а асабліва рана над брывом, якая з'явілася ўжо пасля таго, як мужчыну прывезлі ў аддзяленне міліцыі.

Бянтэжыць людзей і версія пра "перадоз" , бо ў РАУС Усхопаў стаяў на нагах, быў у прытомнасці і нават размаўляў з міліцыянерамі. Прынамсі, гэта відаць на відэа з камер каля "дзяжуркі", дзе мужчыну ўзорна-паказальна "пакуюць" два сілавікі. А што адбылося потым? "Мы не ведаем, ці быў Усхопаў жывы, калі ён пакідаў аддзяленне. Мы не ведаем, што здарылася ў аддзяленні", — разважаюць карыстальнікі твітара.

Дарэчы, сяброў Дзмітрыя Усхопава пачалі затрымліваць адразу пасля яго гібелі. Паводле версіі ўладаў, у некаторых з іх знайшлі наркотыкі. Сваякі мужчыны "эвакуяваліся" з Беларусі, пра гэта паведаміў актывіст кампаніі ўзаемадапамогі Андрэй Стрыжак.

На цяперашні момант дакладная прычына смерці Дзмітрыя невядомая. Для яе ўстанаўлення Следчым камітэтам прызначана правядзенне судова-медыцынскай экспертызы.

Дело Усхопова: краткая хронология и нестыковки
Дзмітрый Усхопаў / фота з акаўнта "УКантакце" загінулага

Не нагадвае Бандарэнку?

Яшчэ адзін рэзанансны выпадак з "алкаголем" і смерцю адбыўся 11 лістапада 2020 года. Тады мінчука Рамана Бандарэнку збілі "неабыякавыя грамадзяне". Пасля збіцця яны забралі хлопца, а крыху пазней ён апынуўся ў Цэнтральным РУУС Мінска. Адтуль з цяжкімі траўмамі Раман быў дастаўлены ў лякарню, дзе памёр на наступны дзень.

Тады справу паднялі на самы высокі ўзровень. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Раман Бандарэнка быў п'яны. Крыху пазней у інтэрнэце былі апублікаваныя медыцынскія дакументы пра тое, што ў крыві маладога чалавека было нуль праміле этылавага спірту.

За "разгалашэнне медыцынскай таямніцы" былі асуджаныя журналістка Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін. Крымінальную справу па факце смерці Бандарэнкі завялі, але пазней прыпынілі "з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванага".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі