Справу экс-кіраўніка АПБ накіравалі ў пракуратуру для перадачы ў суд
Віктар Фянчук / Фота з сацсетак
Следчы камітэт паведаміў, што завяршыў расследаванне дзвюх крымінальных спраў "экстрэмісцкай накіраванасці". Адзін з фігурантаў гэтых спраў — былы кіраўнік грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) Віктар Фянчук, адзначаюць праваабаронцы.
Яго затрымалі 31 жніўня 2021 года пасля ператрусу ў мінскім офісе арганізацыі. Пачалася адміністрацыйная вытворчасць. Фенчука пасадзілі на суткі, а затым прад'явілі яму абвінавачванне па арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Паводле версіі беларускага СК, Фянчук "блакаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі". Праваабаронцы прызналі Фенчука палітвязнем.
Матэрыялы следства перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Арніталагічная арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" за гэты час была ліквідаваная. Суд прайшоў у сакавіку 2022 года. Напярэдадні працэсу ў АПБ прыйшоў ліст з Вярхоўнага суда. У ім гаварылася, што Міністэрства юстыцыі патрабуе ліквідацыі і аргументуе гэта тым, што лозунгам "птушкі з народам" АПБ "публічна выказвае ідэю па падтрыманні сярод людзей пратэстнай актыўнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.