Стала вядома, у чым падазраюць Марціновіча, Скурко і Дынько
Стала вядома, у чым падазраюць галоўнага рэдактара "Нашай нівы" Ягора Марціновіча — "у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання" (ч. 2 арт. 216 КК). Яму пагражае "хімія" ці калонія на тэрмін да 5 гадоў, паведамляе тэлеграм-канал @nashaniva.
Раней Марціновіча затрымлівалі на 10 сутак па ч. 1. арт. 342 КК — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". У выніку абвінавачванне не выставілі, але і не вызвалілі. Следчы паведаміў сваякам Ягора Марціновіча, што той затрыманы на 3 сутак як падазраваны па згаданым 216-м артыкуле. Па ім жа ў ізалятары зараз трымаюць і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай нівы" Андрэя Скурко. Таксама за кратамі па тым жа артыкуле трымаюць і галоўнага рэдактара часопіса "Наша гісторыя" Андрэя Дынько.
Стала вядома, што сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізічных асобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асобаў. Урон, нанесены "Мінэнерга", ацэньваецца на суму 3,5 тысячы рублёў.
Праваабаронцы прызналі ўсіх іх палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.