Стала вядома, у які час вуліцы Мінска сёння будуць занятыя ваеннай тэхнікай

Сёння, 6 траўня ў Мінску пройдзе другая генеральная трэніроўка механізаванай калоны Узброеных Сіл і грамадзянскай тэхнікі да парада да Дня Перамогі.

Свой рух калона пачне ў 17.00 і пройдзе па наступным маршруце: Заснавальнікаў, Старынаўская, праспект Незалежнасці, Сурганава, Куйбышава, Багдановіча, праспект Машэрава. Рух будуць перакрываць паэтапна, цягам прасоўвання тэхнікі. Пасля праходжання калоны рух на гэтых участках будзе аднаўляцца, інфармуе мінская гарадская ДАІ.

На праспект Машэрава калона прыбудзе каля 19.00. Там з 22.00 абмяжуюць рух на ўчастку дарогі ад вуліцы Чырвонай да вуліцы Ціміразева. Менавіта там будзе праходзіць трэніроўка механізаванай калоны.

Пасля завяршэння трэніроўкі тэхніка рушыць назад па наступным маршруце: праспект Машэрава, Ціміразева, Арлоўская, плошча Бангалор, Сурганава, праспект Незалежнасці, Старынаўская, ваенны гарадок “Уручча”.

Рух на гэтых участках таксама будуць паэтапна перакрываць.

Сталічная ДАІ рэкамендуе кіроўцам пасля 17.00 планаваць маршруты ў аб’езд цэнтра горада або скарыстацца метрапалітэнам.

Апроч таго, сёння на ўчастку праспекта Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў пройдзе трэніроўка моладзева-спартовага тэатралізаванага шэсця, у сувязі з чым рух на гэтым участку закрыюць з 21.00 да 24.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі