Стала вядома, у якой сферы ў Беларусі найбольш бяруць хабары

Стала вядома, у якой сферы ў Беларусі найбольш бяруць хабары

Колькасць злачынстваў карупцыйнай скіраванасці ў Беларусі вырасла амаль удвая. Як паведаміў намеснік генпракурора Аляксей Стук, за пяць месяцаў 2018-га іх было 1107, летась за аналагічны перыяд — 584. Стук патлумачыў, што гэты рост у асноўным звязаны з разглядамі судамі крымінальных спраў, у якіх шмат эпізодаў, інфармуе БЕЛТА.

Найбольш карупцыйных злачынстваў праваахоўнікі выявілі ў сферы транспарту (192), прамысловасці (132), аховы здароўя (114), будаўніцтва (98) і адукацыі (89). Было падлічана, што матэрыяльныя страты склалі амаль 8 млн 800 тысяч рублёў, падчас следства іх кампенсавалі на 36,5%.

На сітуацыі са злачынствамі ў сферы аховы здароўя Стук спыніўся асобна. Паводле яго слоў, КДБ правёў там масіраваную праверку. Крымінальныя справы распачалі ў дачыненні работнікаў сістэмы экспертызы абсталявання і "Белмедтэхнікі". Намеснік генпракурора распавёў, што карупцыйныя злачынствы найперш датычаць паставак медыцынскага абсталявання, яго абслугоўвання ў медустановах рознымі фірмамі. Пра затрыманні па гэтай справе стала вядома тыдзень таму з неафіцыйных крыніц.

Аляксей Стук падкрэсліў, што найбольш распаўсюджаныя правапарушэнні, звязаныя з карупцыяй, — гэта выкарыстанне службовага становішча пры вырашэнні асабістых пытанняў, невыкананне парадку правядзення працэдур закупак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі