Стала вядома, якія курсы пакупкі-продажу валют устанавілі банкі

У пятніцу, 9 студзеня, беларускія банкі ўстанавілі курсы пакупкі-продажу замежных валют, адрозныя ад афіцыйных каціровак Нацбанка не больш чым на 2%. Паводле інфармацыі БелаПАН, прытрымлівацца такой курсавой палітыкі рэкамендаваў камерцыйным банкам Нацыянальны банк на нарадзе 8 студзеня.

Згодна з новымі каціроўкамі, якія банкі ўстанавілі раніцай 9 студзеня, максімальны курс продажу долара склаў у абменных пунктах 14035 рублёў, што на 2% вышэй за афіцыйны (13760 рублёў). Курс продажу еўра таксама на 2% адрозніваецца ад афіцыйнага і склаў 16565 рублёў.

На думку банкіраў, абмежаванні на ваганні курсаў валют, устаноўленыя рэгулятарам на наяўным рынку, накіраваны на тое, каб выключыць множнасць курсаў беларускага рубля.

Нагадаем, пасля ўвядзення Нацбанкам 19 снежня 30-адсоткавага валютнага збору ў Беларусі ўтварылася множнасць курсаў рубля. Беларускія бізнес-саюзы ў канцы 2014 года заявілі, што такая сітуацыя адмоўна адбіваецца на дзейнасці прадпрыемстваў, і заклікалі ўжо 1 студзеня правесці афіцыйную дэвальвацыю і вярнуцца да адзінага курсу рубля.

8 студзеня Нацыянальны банк абвясціў аб поўнай адмене валютнага збору.

Фота: Reuters, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі