Станцыі мінскага метро: "Экспабел", "Рэпаблік", "Візавы цэнтр Літвы"
Кампанія Яндэкс намалявала новую схему мінскага метро — жартаўлівую.
Аналітыкі кампаніі ўявілі, як выглядала б карта метро, калі б станцыі называліся ў гонар мясцовых цэнтраў прыцягнення. Каб выявіць іх, спецыялісты сабралі запыты да сэрвісу Яндэкс.Карты (за перыяд з красавіка 2018 года па красавік 2019-га), зададзеных побач з вестыбюлямі метро — у радыўсе 150 метраў.
У выніку "з'явіліся" такія станцыі метро, як "Экспабел", "Студэнцкая паліклініка №33", "Візавы цэнтр Літвы", "Аўтарынак Малінаўка", "Рэпаблік", "Шоу Мулен Руж".
ГУМ апынуўся на першым радку запытаў адразу на дзвюх станцыях — "Кастрычніцкай" і "Купалаўскай". Але на "Кастрычніцкай" доля запытаў пра краму была вышэйшай, таму яна атрымала назву "ГУМ". А "Купалаўскую" назвалі ў гонар рэстарана "Васількі", які заняў другое месца ў яе топе.