Станцыя дыягностыкі: Тры з пяці машын прыязджаюць з пратэрмінаваным тэхаглядам

Станцыя дыягностыкі: Тры з пяці машын прыязджаюць з пратэрмінаваным тэхаглядам

“Людзей на тэхаглядзе стала меней праз дарожны сбор”, — адразу кажа начальнік станцыі дыягностыкі на сталічнай вуліцы Ванеева Віталь Красоўскі.

На станцыю адразу заязджаюць дзве машыны. Абедзве  — уласнасць дзяржаўных устаноў: аховы прыроды і камунальнікаў.

“20% з першага разу не праходзяць. Нават старая машына — не паказчык. Старыя людзі сочаць за машынамі. Многія прыязджаюць, бо без тэхагляду не пускаюць за мяжу”, — распавядае Віталь Красоўскі.

Разам глядзім статыстыку па станцыі дыягностыкі за некалькі гадоў. 2013 год, у лістападзе на агляд прыехала 389 машын, сёлета — толькі 249.

“У 2014 годзе ў нас быў рост, а ўжо ў 2016-м годзе было мінус 10%, а ў гэтым годзе прыблізна будзе ўжо мінус 18%”, — кажа Віталь Красоўскі.

Пакуль размаўляем, на тэхагляд прыязджае Skoda 2004 года. Без тэхагляду ездзіць ужо паўгода. Кіроўца са злосцю адказвае, што праходзіць тэхагляд увесь час.

“Чалавек бачыць, калі ў яго лямпачка ў машыне не гарыць. А вось праблемы з тармазамі і рулявым кіроўцы ўбачыць цяжка. А гэта ж усё ўплывае падчас руху. Тыя ж няспраўныя тармазы у такое надвор’е могуць дорага каштаваць, ці ручнік”, — працягвае Віталь Красоўскі. Асноўныя праблемы, якія ўсплываюць падчас тэхагляду, — няспраўнасць тармазоў і трансмісіі.

Наступны кліент прыганяе Citroёn 2010 года.

“Нешта на тыдзень зацягнуў цяпер. Для сябе трэба праходзіць, гэта ж пытанне бяспекі. А людзей менш стала праз дарожны падатак. Бо разам з тэхаглядам гэта выходзіць у нармальную суму. А за машыну я не хвалююся, яна новая”, — выказваецца гаспадар Citroёn Аляксей.

Праверыць машыну прыязджае таксіст. Машына новая, 2014 года, таму праблем не ўзнікае. Але… тэхагляд пратэрмінаваны на 3 месяцы. Атрымліваецца, з 5 машын, якія прыехалі на станцыю за 1,5 гадзіны, у трох тэхагляд пройдзены не ў час.

Агулам за дзень прыязджаюць 15 кіроўцаў. А раней у снежні іх было ўдвая болей, прыгадвае Віталь Красоўскі. Тэхагляд не прайшлі двое з 15-ці. Адзін з іх прайшоў ужо пасля абеду, бо з’ездзіў на сервіс.

Глядзім, колькі машын з пратэрмінаваным тэхаглядам ездзіць па цэнтры Мінска. На вуліцы Карла Маркса ад Камсамольскай да Валадарскага 40 прыпаркаваных машын толькі з аднаго боку. З іх у дзесяці на лабавым шкле прымацаваная налепка аб своечасовым тэхаглядзе. Але наяўнасць налепкі — не абавязак кіроўцы. І нават калі яе няма, кіроўца можа ў час праходзіць тэхагляд.

Станцыя дыягностыкі: Тры з пяці машын прыязджаюць з пратэрмінаваным тэхаглядам
На кароткім прамежку ў дзвюх машын тэхагляд своечасовы, у трох пазнакі аб тэхаглядзе няма наогул

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі